У Віцебскай вобласці акрэдытавана 47 назіральнікаў

5 августа 2015

Гэта прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, палітычных партый. Асноўны наплыў назіральнікаў чакаецца, калі будуць сфарміраваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі. Пакуль жа ідзе праца над стварэннем участкаў. У адпаведнасці з патрабаваннямі Выбарчага кодэкса, яны павінны быць сфарміраваныя не пазней як за два месяцы да даты выбараў, гэта значыць 9 жніўня. 

Вольга Маслоўская - пра спецыфіку цяперашняга этапу перадвыбарнай кампаніі.

Не меней за 20, але не больш за тры тысячы выбаршчыкаў. Менавіта такія патрабаванні ставіць заканадаўства да ўчасткаў па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Іх фарміраванне ідзе ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці.

У Першамайскім раёне Віцебска - самым вялікім у абласным цэнтры - колькасць участкаў павялічылася. Дадаткова сфарміравалі яшчэ адзін, 72-і - у новым мікрараёне Білёва-3.

А вось самы малады горад Беларусі - Наваполацк - падзелены на 36 участкаў.

Падрабязную інфармацыю пра межы ўчасткаў з паказаннем вуліц і дамоў апублікуюць на старонках гарадскіх і раённых газет, а таксама ў сетцы Інтэрнэт.

У паўночным рэгіёне будуць створаныя і так званыя закрытыя ўчасткі на базе стацыянарных медыцынскіх устаноў. У бальніцах, санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку - усяго 49 участкаў па выбарах Прэзідэнта. Яшчэ тры сфарміруюць у воінскіх часцях.

Выбарчая кампанія традыцыйна праходзіць пад пільным поглядам назіральнікаў. У паўночным рэгіёне тэрытарыяльнымі камісіямі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь іх акрэдытавана пакуль крыху больш за 40 чалавек. Сваіх прадстаўнікоў ужо накіравалі ветэраны, грамадскія аб'яднанні, прафсаюзы. 15 назіральнікаў будзе і ад самага масавага моладзевага аб'яднання краіны.

Сярод іх і Уладзімір Мядзелец. Пра важнасць місіі назіральніка ведае з уласнага вопыту. У выбарчай кампаніі ён не пачатковец. Тройчы быў назіральнікам, узначальваў абласную камісію па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы.

Найбольшая колькасць назіральнікаў традыцыйна рэгіструецца пасля ўтварэння ўчастковых камісій. У Віцебскай вобласці, як і ў цэлым па краіне, яны павінны быць сфарміраваныя да 26 жніўня. Участковыя камісіі зоймуцца ўдакладненнем спісаў выбаршчыкаў. У гэтай карпатлівай працы ім будуць дапамагаць органы ЗАГСа, сельскія саветы, ваенкаматы і міграцыйныя службы.