У Цэнтрвыбаркаме сёння падвялі вынікі выбараў у парламент

16 сентября 2016

На пасяджэнні Лідзія Ярмошына ў лічбах назвала тэндэнцыі электаральнай кампаніі. Так, на выбары прыйшлі 5 мільёнаў 215 тысяч 359 чалавек. Прычым, з іх амаль 4 тысячы выбаршчыкаў так і не апусцілі бюлетэні ва урны для галасавання. Адзнаку ў графе "супраць усіх" - паставілі 491 956 беларусаў - гэта амаль 10 %. Прызнаныя сапсаванымі больш за 65 з паловай тысяч бюлетэняў. 28 парламентарыяў балаціраваліся на другі тэрмін і атрымалі перамогу. А яшчэ 82 наваспечаныя дэпутаты зоймуць свае месцы ў Авальнай зале 11 кастрычніка - у гэты дзень адкрыецца восеньская сесія.

У новы склад верхняй палаты парламента, Савет Рэспублікі, абраныя 56 сенатараў - па 8 чалавек ад кожнай вобласці і сталіцы. Прозвішчы яшчэ васьмярых удзельнікаў пакуль застаюцца інтрыгай - іх прызначае Прэзідэнт. Адзначым, восеньская сесія для сенатараў пачнецца 12 кастрычніка.