У Цэнтральнай выбарчай камісіі аб’явілі канчатковыя вынікі галасавання

16 октября 2015

Як раз у той час, калі ў Казахстане калегі па СНД віншавалі Аляксандра Лукашэнку з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах, у Мінску ў Цэнтральнай выбарчай камісіі апавяшчалі канчатковыя вынікі галасавання. Вынікі такія. Пойдзем у алфавітным парадку. За Сяргея Гайдукевіча прагаласавалі 3,3% выбаршчыкаў, Таццяна Караткевіч набрала крыху менш за 4,5%, у дзеючага Кіраўніка дзяржавы - 83,5%, і за Мікалая Улаховіча прагаласавалі меней за 2%. Адна з самых абмяркоўваемых лічб ставіцца да графы "супраць усіх". Калі складаць рэйтынг - то лік такіх бюлетэняў на другім месцы. Што яшчэ прагучала ў пятніцу ў будынку ЦВК, раскажа Дар'я Белавусава-Пятроўская.

У зале нарад Цэнтрвыбаркама зноў няма вольных месцаў. Журналісты, старшыні абласных і гарадскіх выбарчых камісій, міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ – інтарэс да мерапрыемства вельмі высокі. Пасля выбараў прайшло пяць дзён і менавіта сёння Цэнтрвыбаркам падводзіць вынікі галоўнай палітычнай падзеі краіны.

На парадку дня - два пытанні. Пачынаюць са скаргі кандыдата Таццяны Караткевіч. Яе інтарэсы прадстаўляе давераная асоба і, мяркуючы па ўсім, - гутарка будзе доўгай. Характар скарг розны. Напрыклад, на адным выбарчым участку не дазволілі праводзіць фотаздымку. А на іншым - адначасова прагаласаваць прыйшлі некалькіх студэнтаў, і гэта расцанілі, як уплыў звонку. Зрэшты, па меркаванні Цэнтральнай выбарчай камісіі, такія звароты закон не парушаюць.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Кожную скаргу я асабіста чытаю. Таму, сапраўды, вялікая частка з іх не з'яўляецца парушэннем закона, а ўяўнымі і меркаванымі думкамі назіральнікаў".

І, вядома, галоўная тэма пасяджэння ЦВК - канчатковыя вынікі выбараў Прэзідэнта Беларусі. Яны прайшлі 11 кастрычніка, і Цэнтрвыбаркаму трэба было 5 дзён, каб канчаткова праверыць вынікі галасавання, як у Беларусі, так і за яе межамі.

За Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі больш за 5 мільёнаў беларусаў, гэта 83,5% выбаршчыкаў. Таццяна Караткевіч набрала больш за 270 тысяч галасоў, амаль 4,5%. Сяргею Гайдукевічу аддалі свае галасы больш як 200 тысяч чалавек, гэта 3,3% выбаршчыкаў. Мікалай Улаховіч набраў крыху больш за 100 тысяч галасоў.

Арсеній Сівіцкі, палітолаг: "Мяркуючы па выніках галасавання, па выніках, згодна з якімі А.Лукашэнка перамог на выбарах з такім ашаламляльным вынікам, мы можам канстатаваць, што гэты стратэгічны курс, ён будзе звязаны, перш за ўсё, з выбудоўваннем і ўмацаваннем незалежнасці РБ, стабілізацыі эканамічнай сітуацыі, і ў той жа час, правядзеннем рэформ ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства і дзяржавы".

Як паказалі выбары 2015, беларусы сталі больш палітычна актыўнымі. У галасаванні прыняла ўдзел рэкордная колькасць чалавек. З 7 мільёнаў патэнцыяльных выбаршчыкаў прагаласавалі больш за 6 мільёнаў чалавек, прычым 2,5 мільёна - датэрмінова.

Аляксандр Іваноўскі, першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі: "Яўка, сапраўды, магутная і беспрэцэндэнтная. Больш за тое, некаторыя грамадзяне, якія знаходзяцца за межамі нашай краіны, не паверылі, што такое наогул бывае. Яны сказалі вось такія словы - у Еўропе ніхто так не галасуе. Я гэта звязаў бы з тым, што сама ідэя выбараў Прэзідэнта з'явілася кропкай часовай, калі народ пераацэньваў, чаго мы дасягнулі. Што мы маем і што нас чакае наперадзе. І выбар нашага выбаршчыка быў звязаны, па маім меркаванні, у першую чаргу, з тым, што выбіралі чалавека, з якімі трэба будзе вырашаць складаныя праблемы, у якія ўвойдзе наша грамадства. Вось таму была яўка вялікая".

Пасля апублікавання вынікаў, Старшыню ЦВК атачылі фота- і тэлекамеры. Адказваючы на пытанні журналістаў, Лідзія Ярмошына адзначыла, што выбарчая кампанія 2015 года была лепш за папярэднія.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Лепшая яна тым, што яна з'яўлялася спакойнай. Тое, што СМІ сапраўды давалі роўныя магчымасці для ўсіх кандыдатаў у Прэзідэнты. Тое, што ў нас прымяняюцца новыя тэхналогіі, як інфармавання выбаршчыкаў, так і вядзення ўсёй агітацыйнай кампаніі. Тое, што ў нас значна больш ліберальны рэжым для ажыццяўлення працэсу вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты, а потым вядзення перадвыбарнай агітацыі і прапаганды. Таму гэта і ёсць тое пазітыўнае, негатыву я не адзначыла б наогул".

Выбары адбыліся - наперадзе інаўгурацыя. Урачыста, у прысутнасці дэпутатаў, сенатараў і суддзяў абраны Кіраўнік дзяржавы вымавіць прысягу. Па заканадаўстве інаўгурацыю праводзяць не пазней, чым праз два месяцы пасля выбараў, гэта значыць да 11 снежня.