Наша здымачная група толькі што пабывала ў штабах Сяргея Гайдукевіча, Таццяны Караткевіч і Мікалая Улаховіча. На прамой сувязі наш карэспандэнт Аляксей Адашкін, які сустрэўся з трыма кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта (прамое ўключэнне).
Сапраўды, мы толькі што наведалі тры штабы кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта. Хочацца адзначыць, што атмасфера ў кожнай ініцыятыўнай групе засяроджана-дзелавая. Прыхільнікі палітыкаў займаюцца ўважлівым маніторынгам стужак навін, а таксама сочаць за прамымі ўключэннямі з Цэнтрвыбаркама. Ловяць усю інфармацыю, якая паступае, і актыўна абмяркоўваюць лічбы экзітполаў.
У камандзе Сяргея Гайдукевіча пацвердзілі інфармацыю наконт высокай яўкі выбаршчыкаў, якую фіксавалі назіральнікі ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, а папярэднія звесткі экзітполу, агучаныя сацыёлагамі, не сталі сенсацыяй для штаба ЛДПБ.
У штабе Таццяны Караткевіч сабралася частка ініцыятыўнай групы. Прыхільнікі палітыка актыўна абмяркоўвалі мінулы дзень, а таксама ўважліва сачылі за апошняй інфармацыяй наконт выбараў Прэзідэнта. Тут вядуць маніторынг як інтэрнэт-рэсурсаў, так і беларускага тэлебачання. Сама кандыдат нам прызналася, што папярэднія вынікі галасавання чакае з хваляваннем.
Найбольш актыўныя прыхільнікі Мікалая Улаховіча гэтым вечарам таксама сабраліся ў штабе свайго кандыдата. Тут каманда прэтэндэнта на галоўную пасаду ў краіне плануе дачакацца і аб'яўлення папярэдніх вынікаў выбараў. Самога лідара Беларускай патрыятычнай партыі мы сустрэлі ў горадзе падчас пераезду з адной тэлевізійнай студыі ў другую.
У штабах кандыдатаў мы сустрэлі за працай і нашых замежных калег. Выбары ў Беларусі нязменна прыцягваюць журналістаў з-за мяжы. Нам удалося пагаварыць з рэпарцёрам з Фінляндыі. Прапаную паслухаць частку нашага інтэрв'ю.













