У Санкт-Пецярбургу прайшло пасяджэнне Савета Міжпарламенцкай асамблеі СНД

21 ноября 2019
Эканамічная бяспека, Саюзны бюджэт і праца моладзевага парламента. Сёння ў Пецярбургу прайшло пасяджэнне МПА СНД. Тое, што кіраўнікі парламентаў абмяркоўвалі сёння, заўтра зацвердзяць на юбілейным Савеце Міжпарламенцкай асамблеі краін Садружнасці. А гэта дзясяткі актуальных тэм. Якія пытанні сёння гучалі ў Паўночнай сталіцы Расіі - пачула Дар'я Белавусава-Пятроўская.  Гэтымі днямі Таўрычны палац Санкт-Пецярбурга стаў месцам, дзе абмяркоўваюць і вырашаюць важныя і часам няпростыя пытанні Саюзнай дзяржавы і краін СНД. Старт дала сесія Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі. Асноўная тэма - Саюзны бюджэт на 2020 год. 

Зацверджаная сума - 5 мільярдаў 500 мільёнаў расійскіх рублёў. Больш як 85 % пойдзе на рэалізацыю 11 саюзных праграм. Яны датычацца супрацоўніцтва ў навуцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, космасе і ваенна-прамысловай кааперацыі. Тым не менш, падводзячы вынікі сесіі, старшыня ніжняй палаты парламента Беларусі не змог даць працы саюзных парламентарыяў вышэйшы бал.

Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Станоўча ацаніць працу Парламенцкага сходу РБ і РФ я не магу. Мы разам з урадам не вырашылі галоўнага пытання - гэта стварэнне адзінай эканамічнай прасторы. У нас не знятыя бар'еры па доступе прадукцыі сельскай гаспадаркі, прамысловасці на рынкі. Пытанні ў газавай і нафтавы сферах, транспарце. Гэта сур'ёзна гучала. Але самае галоўнае, што дэпутаты адзіныя ў тым, што трэба паднімаць ролю Парламенцкага сходу ў вырашэнні гэтых пытанняў. Пытанняў вельмі важных, вострых і няпростых". 

Пытанні паглыблення двухбаковых адносін сёння абмеркавалі і спікеры верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі. Міхаіл Мясніковіч і Валянціна Мацвіенка тэт-а-тэт гаварылі аб тэме "дарожных карт". Гэта 31 дакумент, больш за палову ўжо ўзгоднена. Засталіся нявырашаныя пытанні па фарміраванні агульных рынкаў электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў. 

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "З боку Федэральнага савета РФ ёсць поўнае разуменне па падходах, таму што дамаўляюцца дзве суверэнныя дзяржавы. Самае галоўнае, каб у працэсе адпрацоўкі інтэграцыйных пытанняў не ўзнікалі новыя правілы. Таму што перагляд правіл падчас гульні ні да чаго добрага не вядзе". 

У Таўрычным палацы Санкт-Пецярбурга сёння прайшло і пасяджэнне Міжпарламенцкай асамблеі СНД. Кіраўнікі парламентаў 9 краін Садружнасці гаварылі аб эканамічным развіцці СНД да 2030 года, барацьбе з міжнародным тэрарызмам, супрацоўніцтве ў адукацыі, навуцы і моладзевай палітыцы. Усе гэтыя пытанні заўтра стануць тэмай дыскусій на юбілейным, 50-ым, Савеце Міжпарламенцкай асамблеі СНД.