У Санкт-Пецярбургу адкрываецца пасяджэнне Міжпарламенцкай асамблеі СНД

12 апреля 2018

Сотні парламентарыяў з краін Садружнасці сёння прыбылі ў Санкт-Пецярбург. У Паўночнай сталіцы Расіі адкрываецца 47-е пасяджэнне Міжпарламенцкай асамблеі СНД. Што будуць абмяркоўваць у Таўрычаскім палацы? З падрабязнасцямі наш спецыяльны карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Таўрычаскі палац нараўне з Зімнім і Марыінскім адзін з "палітычных палацаў" Санкт-Пецярбурга. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі тут размяшчалася Дзяржаўная Дума. Пасля Часовы ўрад. Менавіта тут праходзіў першы з'езд рабочых і салдацкіх дэпутатаў. А ў XXI стагоддзі Таўрычаскі палац стаў штаб-кватэрай Міжпарламенцкай асамблеі СНД.

У 47-м Савеце Міжпарламенцкай асамблеі СНД бяруць удзел парламентарыі з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана і Расіі. Паколькі 2018-ы ў СНД аб’яўлены Годам культуры, асноўная тэма пасяджэння - міжкультурны дыялог Садружнасці. Дарэчы, сёлета ў Санкт-Пецярбургу пройдуць Дні Мінска, так што ў расіян будзе добрая магчымасць убачыць лепшыя айчынныя тэатральныя пастаноўкі і, вядома, наведаць выставы і харчовыя кірмашы. Будуць разгледжаны законапраекты, якія датычацца інфармацыйнага абмену, а таксама перад чэмпіянатам свету па футболе, які пройдзе гэтым летам у Расіі, абмяркуюць тэму супрацоўніцтва ў галіне турызму і спорту. Таксама парламентарыі разгледзяць сумесныя навуковыя і адукацыйныя праекты. Будуць закранутыя пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, эканомікі і бяспекі.

Паралельна тут жа, у Таўрычаскім палацы, пройдзе Парламенцкая асамблея АДКБ. Асноўныя тэмы - гэта барацьба з тэрарызмам, незаконным абаротам наркотыкаў, процідзеянне гібрыдным войнам. Таксама абмяркуюць няпростую сітуацыю ля межаў дзяржаў - удзельніц АДКБ.