У ААН плануецца прыняць рэзалюцыю па доўгатэрміновых наступствах чарнобыльскай катастрофы

8 декабря 2016

Сёння ў Нью-Ёрку ў рамках  71-й сесіі Генасамблеі ААН плануецца прыняць рэзалюцыю па доўгатэрміновых наступствах чарнобыльскай катастрофы, ініцыяваную Беларуссю. У аснове дакумента, суаўтарамі якога з'яўляюцца каля 30 краін,  рашэнні міжнароднай канферэнцыі, прымеркаванай да 30-годдзя аварыі на ЧАЭС, якая прайшла ў Мінску ў красавіку. У адпаведнасці з рэзалюцыяй, у каляндар памятных дат ААН будзе ўключаны Дзень памяці чарнобыльскай катастрофы, які міжнародная супольнасць будзе адзначаць штогод 26 красавіка, пачынаючы з 2017 года.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Прыняцце гэтага дакумента адказвае не толькі нацыянальным інтарэсам Беларусі, якая найбольш пацярпела ад чарнобыльскай аварыі, але і патрэбам іншых краін рэгіёна, у першую чаргу Украіны і Расіі, а таксама міжнароднай супольнасці ў цэлым".

У практычным плане, у фокусе ўвагі рэзалюцыі - працяг міжнароднага супрацоўніцтва пад эгідай ААН па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы на аснове партнёрства, інавацый і інвестыцый ва ўстойлівае развіццё пацярпелых рэгіёнаў.