У Нью-Ёрку завяршыўся IV Сусветны форум спікераў парламентаў

3 сентября 2015

Галоўны акцэнт быў зроблены на мэтах у галіне ўстойлівага развіцця, якія будуць прынятыя на саміце ААН у канцы верасня. Беларускую дэлегацыю на канферэнцыі ўзначаліў спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі нязменная: ваенным канфліктам не месца, свет павінен быць шматпалярны. Беларусь тым часам датэрмінова выканала мэты развіцця тысячагоддзя. У краіне няма галечы і голаду, забяспечаны высокі ўзровень пісьменнасці, амаль да нуля знізілася дзіцячая смяротнасць. Са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў асабіста ініцыяваў сустрэчу Генсак ААН Пан Гі Мун.

І ўчора ў штаб-кватэры ААН прайшла сімвалічная цырымонія, прымеркаваная да 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны. Яе ініцыятарам выступіла наша краіна. Каля дрэва міру і адзінства, якое было пасаджана да Дня Перамогі таксама з ініцыятывы Беларусі, з'явіўся памятны знак.