У Нацыянальным аэрапорце Мінск усё падрыхтавана да прылёту высокіх гасцей

11 февраля 2015

У Нацыянальным аэрапорце Мінск працуе здымачная група Агенцтва тэленавін.

На прамую сувязь са студыяй выходзіць наш карэспандэнт Кацярына Бірэцкая (прамое ўключэнне).

Як сказалі б вайскоўцы, у аэрапорце гэтымі хвілінамі гатоўнасць № 1. Да прыбыцця лідараў краін "нармандскай чацвёркі" застаюцца літаральна лічаныя хвіліны. Як плануецца, першы лайнер прызямліцца ў 17:15 - пакуль інфармацыя не пацвердзілася, але яе і не аспрэчылі. А далей яшчэ тры самалёты, як гавораць пілоты, "хвост у хвост". З паслядоўнасцю пакуль таксама да канца незразумела. Важна, што гістарычная сустрэча ў Мінску адбудзецца - каля дзвюх гадзін таму інфармагенцтвы паведамілі аб тым, што і прэзідэнт Расіі, і кіраўнік Украіны, лідар Францыі і канцлер Германіі пацвердзілі свой удзел у перамовах у "нармандскім фармаце".

Мае калегі зараз працуюць на ўзлётна-пасадачнай паласе аэрапорта і ў VIP-зале. Разам з намі ў аэрапорце працуюць і калегі з іншых краін. Толькі ўдумайцеся: паводле апошніх дадзеных, афіцыйную акрэдытацыю на асвятленне саміту ў беларускай сталіцы атрымалі больш як 500 прадстаўнікоў СМІ з усёй планеты. Я ўжо расказвала аб тым, што шматлікія прыляцелі ў Беларусь толькі сёння - у аэрапорце мы сустрэлі журналістаў з Галандыі, Францыі, Іспаніі, а літаральна паўгадзіны таму размаўлялі з журналістамі з Германіі. Лейтматыў адзін - надзея на трыумф міжнароднай дыпламатыі ў няпростым украінскім пытанні.

На мірнае ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне па выніках саміту "нармандскай чацвёркі" ў Мінску спадзяецца зараз увесь свет. Да пачатку перамоў у Палацы Незалежнасці застаецца зусім трохі часу. А да прыбыцця лідараў Расіі, Украіны, Францыі і канцлера Германіі - і таго менш. Лічым хвіліны, і як толькі першы самалёт з'явіцца на гарызонце, абяцаем ізноў выйсці на сувязь.