У Маскве адбыўся Савет міністраў замежных спраў СНД

5 апреля 2019

Помнікі і воінскія пахаванні Вялікай Айчыннай вайны неабходна захоўваць. Такі зварот сёння прынялі кіраўнікі МЗС Садружнасці незалежных дзяржаў.

У Маскве адбыўся Савет міністраў замежных спраў СНД. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей. У рамках сустрэчы абмеркавалі пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай да святкавання ў краінах Садружнасці 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і правядзення сумесных мерапрыемстваў. Быў прадстаўлены ўзор адзінага медаля да юбілею Перамогі. Беларусь і Туркменістан падпісалі праграму супрацоўніцтва знешнепалітычных ведамстваў. Таксама сёння прайшла двухбаковая рабочая сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі. Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковых адносін.

Пытанні парадку дня датычыліся таксама міжнароднага ўзаемадзеяння на ўзроўні МЗС, супрацоўніцтва ў праваахоўнай сферы, абмену інфармацыйнымі тэхналогіямі, барацьбы з кіберзлачыннасцю.