У Маскве адбыліся перамовы прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі

11 марта 2020
Пастаўкі расійскіх энерганосьбітаў, двухбаковы гандаль і развіццё еўразійскай інтэграцыі. У Маскве адбыліся перамовы прэм'ер-міністраў Беларусі і Расіі. Сустрэча прайшла ў Доме ўрада ў пашыраным складзе. Сяргей Румас адзначыў, што рух у краінах “пяцёркі” ЕАЭС шмат у чым залежыць ад таго, наколькі зблізяць пазіцыі Беларусь і Расія. Нягледзячы на тое, што краінам атрымалася стабілізаваць тавараабарот,  апошні час ён трымаецца на ўзроўні 35-36 мільярдаў долараў, тым не менш, яшчэ ёсць цэлы шэраг пытанняў па інтэграцыйных працэсах, якія неабходна абмяркоўваць. 

Сяргей Румас, прэм'ер-міністр Беларусі: "Адно з пытанняў, якое  нам трэба будзе абмеркаваць,  - гэта пастаўкі энерганосьбітаў. Рыначная сітуацыя з цэнамі на нафту збліжае нашы пазіцыі і памяншае тыя лічбавыя разыходжанні, якія ў нас ёсць. Атрымалі ўжо аператыўную інфармацыю за студзень: тавараабарот у нас паменшыўся, але да задавальнення беларускага боку ўбачылі, што сальда, якое ў нас было вельмі вялікім, адмоўнае сальда, па студзені паменшылася. Гэта значыць мы выраўноўваем свае патокі. Разам з тым разумеем, за кошт чаго адбылося памяншэнне сальда".

Міхаіл Мішусцін, старшыня ўрада Расіі: "Беларусь для Расіі з'яўляецца саюзнікам і стратэгічным партнёрам. Летась споўнілася  20 гадоў са дня падпісання дагавора  аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Перакананы, што ў новым дзесяцігоддзі атрымаецца ў поўнай меры раскрыць  патэнцыял дагавора. Беларусь для Расіі з'яўляецца вядучым знешнеэканамічным партнёрам на прасторы СНД".

Прэзідэнты Беларусі і Расіі паставілі перад урадамі дзвюх краін важную задачу - падрыхтаваць дакументы па стратэгіі інтэграцыі. Канчатковы дакумент будзе ўзгоднены і вынесены на разгляд кіраўнікам дзяржаў на Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, які адбудзецца 10 красавіка ў Мінску.