У Маскве адбылася рабочая сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі

15 ноября 2017

Супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і АДКБ, узаемаадносіны з НАТА і Еўрасаюзам. Сёння ў Маскве адбылася рабочая сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Расіі. На парадку дня дзясяткі пытанняў. Сярод іх праца над пагадненнем аб узаемным прызнанні віз (дакумент плануюць падпісаць у канцы гэтага года), а таксама ўдзел Беларусі ў саміце "Усходняга партнёрства", які адбудзецца ў Бруселі ў канцы лістапада. Падрабязнасці перамоў - у рэпартажы Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Сёлета міністры замежных спраў Беларусі і Расіі сустракаюцца тут ужо трэці раз. Сёння адна з тэм рабочай сустрэчы - гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Беларусь - першы гандлёвы партнёр Расіі на прасторы СНД і чацвёрты сярод усіх краін свету. Сёлета тавараабарот павялічыўся больш як у 4 разы. Таксама Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў абмеркавалі праект пагаднення аб узаемным прызнанні віз. Дакумент плануюць падпісаць ужо ў канцы гэтага года.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Мы вельмі прасунуліся, працуючы над гэтым пагадненнем. Нашы эксперты актыўна ўзаемадзейнічалі апошнім часам і правялі некалькі раўндаў кансультацый. Найбліжэйшы раўнд адбудзецца праз пару дзён у Маскве. Мы сапраўды рухаемся да заключэння гэтага пагаднення да канца гэтага года. Застаецца некалькі, скажам так, спрэчных момантаў, у першую чаргу звязаных з працягласцю знаходжання іншаземцаў на тэрыторыі той або іншай дзяржавы".

Сяргей Лаўроў, Міністр замежных спраў Расіі: "Па сутнасці, гаворка ідзе пра тое, каб іншаземец, які заязджае ў адну з нашых краін па візе, выдадзенай гэтай самай краінай, мог з гэтай візай перамясціцца ў іншую краіну. Адпаведна, каб тыя, каму візу не выдаюць па меркаваннях бяспекі або іншых прычынах, таксама не былі прынятыя ў суседняй дзяржаве. Мы таксама прапануем выкарыстаць вопыт, зафіксаваны ў Шэнгенскім пагадненні, які ўжо даказаў сваю высокую эфектыўнасць. Гэта будзе абмяркоўвацца".

Кіраўнікі МЗС дзвюх краін абмеркавалі і няпростую сітуацыю ва Украіне. У прыватнасці, гаворка ішла аб увядзенні міратворчых сіл на Данбас.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Вы ведаеце нашу пазіцыю па Украіне. Рэспубліка Беларусь вельмі зацікаўлена ў тым, каб як мага хутчэй ва ўсходніх рэгіёнах Украіны запанавалі мір, стабільнасць і спакой. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь яшчэ ў кастрычніку 2014 года, наколькі Вы помніце, у інтэрв'ю тэлеканалу "Еўраньюс" заявіў, што Беларусь была б гатовая накіраваць міратворчы кантынгент у гэтыя канфліктныя раёны для таго, каб спрыяць усталяванню міру і стабільнасці ў гэтым рэгіёне. Таму мы гатовыя выдзеліць адпаведны міратворчы кантынгент, калі гэта будзе прымальна ўсім зацікаўленым бакам, каб удзельнічаць у вырашэнні міратворчых задач".

Сярод іншых тэм перамоў - супрацоўніцтва краін у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і АДКБ, узаемаадносіны з НАТА і Еўрасаюзам.

Таксама сёння міністры замежных спраў Беларусі і Расіі падпісалі ў Маскве праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзвюх краін на найбліжэйшыя два гады.