У расійскай сталіцы працуе наш уласны карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская.
Я зараз знаходжуся на ўчастку № 740. Гэта дзелавы і культурны цэнтр пасольства Беларусі ў Маскве. Як бачыце, тут усё гатова да прыходу выбаршчыкаў: кабінкі, урна для галасавання. Ну а для тых, хто яшчэ не вызначыўся з выбарам, на стэндах ёсць уся падрабязная інфармацыя аб кандыдатах. Пакуль тут нешматлюдна. Але ўсё ж яшчэ раніца, выбаршчыкі прачынаюцца і, як паказвае практыка, гадзін да 11-12 тут стане больш актыўна.
Па колькасці выбаршчыкаў участак у Маскве самы буйны ў Расіі. І гэта не дзіўна, бо тут знаходзіцца самая вялікая беларуская дыяспара, а таксама працуюць і вучацца многія нашы суайчыннікі. Дарэчы, некаторыя з іх, хто сёння не змог прыйсці прагаласаваць (паехаў у водпуск або камандзіроўку), зрабілі свой выбар датэрмінова. Сярод іх і наш знакаміты ансамбль "Сябры". Музыканты давалі вялікі канцэрт у Лужніках і вырашылі аб'яднаць творчасць з грамадзянскім абавязкам.
Галасаванне ў Маскве нічым не адрозніваецца ад галасавання ў Мінску. Пры сабе трэба мець беларускі пашпарт або любы дакумент, які сведчыць, што вы з'яўляецеся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь: ваенны білет, вадзіцельскія правы, пенсіённае пасведчанне, выдадзеныя ў Беларусі.
Выбарчы ўчастак будзе працаваць да васьмі вечара. Потым у прысутнасці назіральнікаў і членаў выбарчай камісіі урны адкрыюць, і пачнецца падлік галасоў. Канчатковыя звесткі перадаюць у Мінск, у МЗС Беларусі.













