У Мінску завяршылася чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы

30 мая 2018

У Мінску завяршылася чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні крызісу на паўднёвым усходзе Украіны. Галоўным пытаннем сталі выпадкі парушэння рэжыму цішыні. "Іх колькасць апошнім часам расце, як і колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва", - паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік.

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Асабліва засмучае тое, што сярод загінуўшых ёсць дзеці. Заўчора пад Данецкам з прычыны мінамётнага абстрэлу загінула 15-гадовая дзяўчынка. А 22 мая ў Дэбальцаве з-за выбуху гранаты ў аўтобусе загінуў 14-гадовы хлопчык і яшчэ трое дзяцей атрымалі раненні.

Настаў цёплы час года, пачынаюцца школьныя канікулы. Таму я заклікаю бакі зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва і звярнуць асаблівую ўвагу на бяспеку дзяцей".

Кіеў найбліжэйшым часам ініцыюе сустрэчу ў нармандскім фармаце. "Чацвёрка" павінна абмеркаваць увядзенне міратворцаў ААН у Данбас. Аб гэтым паведаміў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка па выніках сустрэчы з германскім калегам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам у Кіеве.