У Мінску завяршылася чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы

19 июля 2017

У Мінску завяршылася чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. На першы план сёння выйшлі пытанні бяспекі.

Раней украінскія СМІ паведамілі аб чарговым абвастрэнні ў раёне Аўдзееўкі. У выніку мінамётнага абстрэлу быў пашкоджаны жылы дом, два чалавекі атрымалі асколачныя раненні галавы. Усяго за апошнія суткі на лініі судотыку загінулі два ўкраінскія вайскоўцы. Пры гэтым прадстаўнікі самаабвешчанай ДНР назвалі навіны аб абстрэле фейкам. Спецпрадстаўнік АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдык заклікаў бакі выконваць так званае хлебнае перамір'е, дамоўленасць аб якім была дасягнутая ў канцы чэрвеня.

Таксама Марцін Сайдык агучыў пазіцыю АБСЕ наконт заявы аб стварэнні ў межах Украіны дзяржавы пад назвай Маларосія - такая прапанова напярэдадні была агучана прадстаўнікамі непрызнанай ДНР.

Дзеючы старшыня АБСЕ, кіраўнік МЗС Аўстрыі Себасцьян Курц выказаў занепакоенасць такой правакацыйнай рыторыкай і заклікаў бакі ўстрымацца ад любых канфрантацыйных заяў альбо дзеянняў, якія ставяць пад сумненне выкананне мінскіх пагадненняў і суверэнітэт Украіны.