У Мінску завяршыліся перамовы трохбаковай кантактнай групы па вырашэнні сітуацыі на ўсходзе Украіны

1 февраля 2017

Удзельнікі заклікаюць канфліктуючыя бакі строга выконваць рэжым спынення агню. Пра гэта заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік. Эскалацыя канфлікту ў раёне Аўдзееўкі стала асноўнай тэмай абмеркавання. Вынікам перамоў стала заява групы і прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, якую падтрымалі ўсе ўдзельнікі сустрэчы.

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Трохбаковая кантактная група заклікае да строгага выканання поўнага і ўсёабдымнага рэжыму спынення агню, а таксама да адвядзення ўзбраенняў, якія падпадаюць пад дзеянне мінскіх пагадненняў, на вызначаныя раней адлегласці да 5 лютага. Акрамя таго, у дакуменце змяшчаецца заклік гарантаваць бяспечны доступ прадстаўнікоў АБСЕ да зоны канфлікту для выканання імі сваіх абавязкаў і аказаць садзейнічанне гуманітарным высілкам па аднаўленні ацяплення, вода- і энергазабеспячэння, у тым ліку шляхам правядзення рамонтных работ на аб'ектах інфраструктуры".

У Аўдзееўцы рамонтныя брыгады пачалі аднаўленне энергазабеспячэння. На працягу некалькіх сутак горад застаецца сапраўдным гарачым пунктам Данбаса. Нягледзячы на спробу мясцовых улад устанавіць рэжым цішыні, стрэлы не спыняюцца.

Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў пабываў сёння на перадавой лініі абароны ў Аўдзееўцы. Ён даручыў вайскоўцам падрыхтавацца да наступу з боку сепаратыстаў і быць гатовымі да контрнаступу.