Гэта адзін з галоўных органаў Садружнасці, які адказвае за каардынацыю знешнепалітычнай дзейнасці.
Зараз на месцы падзей у "Прэзідэнт-Гатэлі" працуе наша здымачная група. На сувязі са студыяй Юрый Казлоў (прамое ўключэнне). Зараз сюды - да будынка "Прэзідэнт-Гатэля" - пачынаюць прыбываць удзельнікі Савета міністраў замежных спраў СНД. Узровень прадстаўніцтва даволі высокі. Сем краін: гэта Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Узбекістан і, вядома ж, Беларусь - будуць прадстаўленыя кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў. Усяго ў СНД, нагадаем, уваходзяць 9 дзяржаў, яшчэ дзве краіны - Туркменістан і Украіна - з'яўляюцца асацыяванымі членамі Садружнасці. Галоўная мэта Савета міністраў замежных спраў - каардынацыя знешнепалітычнай дзейнасці паміж дзяржавамі СНД. На парадку дня сённяшняй сустрэчы - 12 пытанняў. Акцэнт на бяспецы, таксама на барацьбе са злачыннасцю і процідзеянні міжнароднаму тэрарызму, каардынацыі дзейнасці праваахоўных органаў. Плюс супрацоўніцтва ў галіне культуры і гуманітарнай сферы.
Кіраўнікі дэлегацый краін Садружнасці разгледзяць праекты пагаднення аб супрацоўніцтве дзяржаў - удзельнікаў СНД у барацьбе са злачынствамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій, міждзяржаўнай праграмы сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2019-2023 гады, палажэння аб З'ездзе настаўнікаў і працаўнікоў адукацыі дзяржаў - удзельнікаў Садружнасці, а таксама Міжнародны моладзевы праект дзяржаў - удзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў "100 ідэй для СНД".
Праз паўгадзіны кіраўнікі дэлегацый прымуць удзел у цырымоніі фатаграфавання. Затым у праграме пасяджэнне Савета ў пашыраным фармаце, пасля - падпісанне афіцыйных дакументаў. Пра вынікі сустрэчы даведаемся пасля паўдня. На гэты час запланаваная сумесная прэс-канферэнцыя. У ёй прымуць удзел кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей, старшыня СМЗС СНД Сіраджыдзін Аслаў з Таджыкістана, а таксама Старшыня Выканкама СНД Сяргей Лебедзеў.













