У Мінску адкрываецца канферэнцыя "25 гадоў знешняй палітыцы Беларусі"

19 мая 2017

Чвэрць стагоддзя незалежнасці. У Мінску стартуе канферэнцыя "25 гадоў знешняй палітыцы Беларусі". У дыскусіі прымуць удзел міністры, якія ў розны час кіравалі знешнепалітычным ведамствам, а таксама дэпутаты, беларускія і замежныя дыпламаты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Падчас дыскусій будзе разгледжана шырокае кола пытанняў: ад зараджэння суверэннай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, развіцця адносін з асноўнымі знешнепалітычнымі партнёрамі да праблем канцэптуалізацыі сучаснай знешняй палітыкі нашай краіны і рэагавання на пагрозы сусветнай і рэгіянальнай бяспецы".

Канферэнцыя арганізаваная ў рамках экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог". Як чакаецца, з вітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звернецца кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.