У Мінску адбылося сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі

21 ноября 2018

Падыходы Беларусі і Расіі ў сферы раззбраення, нераспаўсюджання і кантролю над узбраеннямі цалкам супадаюць. У гэтых пытаннях Мінск і далей будзе падтрымліваць расійскі бок на міжнародных пляцоўках. Асабліва зараз, калі адбываецца нарошчванне ваенных патэнцыялаў, у тым ліку і ў Еўропе. Пра гэта заявіў Уладзімір Макей падчас сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі.

Гэта сустрэча таксама з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем актыўнага развіцця двухбаковых адносін у палітыцы, эканоміцы, энергетыцы, транспарце, культуры і сацыяльнай сферы. Сярод прыярытэтных узаемных інтарэсаў - нарошчванне гандлёвых адносін. Кіраўнік беларускага дыпведамства таксама адзначыў новы імпульс у рэгіянальным узаемадзеянні. Ён нагадаў, што па выніках V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісана 76 новых пагадненняў аб супрацоўніцтве і кантрактаў больш як на 500 мільёнаў долараў.