У Мінску адбылася цырымонія адкрыцця новага офіса аддзялення пасольства Фінляндыі

18 апреля 2019

У Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага офіса аддзялення пасольства Фінляндыі. Ён размясціўся побач з прадстаўніцтвамі Францыі, Балгарыі і Швейцарыі. Як адзначыў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, адкрыццё аддзялення пасольства Фінляндыі - гэта пацверджанне канструктыўнага характару ўзаемадзеяння і ўмацавання адносін паміж краінамі.

Марку Кейнянен, намеснік дзяржсакратара па знешнеэканамічных сувязях МЗС Фінляндыі: "Адкрыццё новага офіса аддзялення пасольства Фінляндыі - гэта вынік шматгадовай працы. Новае аддзяленне дае нам магчымасць весці працу больш шырока, праводзіць бізнес-сустрэчы і іншыя мерапрыемствы. З 1 ліпеня Фінляндыя старшынствуе ў Савеце Еўрапейскага саюза, і мы будзем падтрымліваць станоўчы трэнд у развіцці адносін паміж Беларуссю і ЕС".

Актыўнае дыпламатычнае супрацоўніцтва паміж краінамі пачалося ў 1992 годзе. Тады запрацавала мінскае аддзяленне пасольства Фінляндыі ў Літве. Фінскі дыпламат звярнуў увагу на тое, што Беларусь і Фінляндыя знаходзяцца недалёка адна ад адной, і трэба выкарыстоўваць гэтую магчымасць для нарошчвання, у тым ліку і турыстычнага супрацоўніцтва.