У Мінску сёння ўпершыню пройдзе сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

31 октября 2018

У маштабным мерапрыемстве прымуць удзел дзярждзеячы і палітыкі з усёй Еўропы - гэта больш як 70 высокапастаўленых гасцей. На пасяджэннях, у прыватнасці, будуць прысутнічаць генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, а таксама еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Іаханес Хан. На парадку - пытанні эканомікі, гонка ўзбраенняў, лакальныя канфлікты ў краінах постсавецкай прасторы. Словам, усё, што ўплывае на сусветную архітэктуру бяспекі.

Раней у такім фармаце пытанні бяспекі абмяркоўвалі ў буйных геапалітычных цэнтрах, напрыклад, у Вашынгтоне або Пекіне. Але сёлета арганізатары форуму выбралі менавіта Мінск - за ўклад, які Беларусь уносіць ва ўмацаванне стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне. Удзельнікі чакаюць якасную і прадметную дыскусію.