Сёння важны дзень у жыцці краіны. Літаральна праз некалькі гадзін у Мінску пачне працу Усебеларускі народны сход. Такі маштабны дыялог адбудзецца пяты раз. І менавіта ён вызначыць лёс краіны на наступныя пяць гадоў. Фармат народнага веча ўжо зарэкамендаваў сябе. Задачы, якія ставілі ўдзельнікі папярэдняга Усебеларускага сходу, краіна выканала: атрымалася захаваць палітычную стабільнасць, устойлівасць эканомікі і сацыяльную абарону насельніцтва. Галоўная мэта да 2020 - павысіць якасць жыцця людзей. Маштабны форум стартуе апоўдні ў Палацы Рэспублікі. Удзел у ім прыме Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Падрабязная праграма Пятага Усебеларускага народнага сходу ў Ілоны Красуцкай. У гэтыя хвіліны ў холе Палаца Рэспублікі не так шматлюдна. Насамрэч, спецыялісты, якія займаюцца тэхнікай, зараз самыя непублічныя персоны. Яно і зразумела, ідуць апошнія падрыхтоўкі, каб усяго праз некалькі гадзін на галоўнай грамадска-палітычнай падзеі года ў камфортных умовах маглі прысутнічаць дзве з паловай тысячы дэлегатаў.
Многія ўдзельнікі з рэгіёнаў прыбылі ў Мінск учора. Па 350 чалавек прадставяць усе вобласці Беларусі. Гэта людзі розных рангаў, прафесій і ўзростаў. Палітыкі, бізнесмены, выкладчыкі ВНУ, урачы, будаўнікі, аграрыі. Усе разам яны не толькі ацэняць праробленую ў нашай краіне працу за мінулы перыяд, але і вызначаць асноўныя кірункі, у якіх будзе развівацца дзяржава ў наступныя пяць гадоў. Акрамя таго, на народнае веча запрошаныя звыш сотні гасцей з 55 краін свету. Апоўдні ў Палац Рэспублікі прыбудзе Кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адкрые маштабны форум. Гэта будзе сапраўды вялікая гутарка. Зрэшты, прадмет шырокай дыскусіі ўжо вядомы кожнаму беларусу. Тэзісы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года. Яе праект быў апублікаваны ў канцы мінулага тыдня. Галоўная мэта развіцця краіны - павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. Але пытанняў яшчэ шмат: якімі будуць зарплаты, цэны, крэдыты, ці будзе даступным жыллё? Далучыцца да дыскусіі - задаць пытанні або выказаць пажаданні - беларусы змогуць і дыстанцыйна. Для гэтага досыць патэлефанаваць на гарачую ліну Пятага Усебеларускага народнага сходу.
Два дні ў Палацы Рэспублікі будуць працаваць дзясяткі аператараў і карэспандэнтаў Агенцтва тэленавін. Вачамі галоўнага медыяхолдынга краіна ўбачыць самыя апошнія падзеі з народнага форуму, а таксама эксклюзіўныя каментарыі экспертаў, анонсы. 22 і 23 чэрвеня "Навіны" ад Агенцтва тэленавін у эфіры кожную гадзіну.













