У Мінску прайшла сустрэча намеснікаў міністраў замежных спраў краін - удзельніц "Усходняга партнёрства" і Вышаградскай групы

15 марта 2017

Беларусь застаецца перакананым прыхільнікам інтэграцыі і прапануе мінскую пляцоўку для ўмацавання ўзаемасувязяў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, заявіў Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падчас сустрэчы намеснікаў міністраў замежных спраў краін - удзельніц "Усходняга партнёрства" і Вышаградскай групы ў Мінску. Гэтыя ініцыятывы аб'ядноўваюць дзяржавы, якія, знаходзячыся паміж найважнейшымі цэнтрамі сіл Еўропы, традыцыйна імкнуцца да самавызначэння і ўстойлівага развіцця. Мінск разлічвае, што правядзенне пастаянных кансультацый паслужыць рэалізацыі агульных мэт у рэгіёне.

Алег Краўчанка, намеснік міністра замежных спраў Беларусі: "Сённяшняе мерапрыемства дазволіла абмяняцца думкамі і абмеркаваць магчымасці і перспектывы сумеснай дзейнасці ў сферах узаемнай цікавасці як на ўзроўні краін, так і паміж "Усходнім партнёрствам" і Вышаградскай групай".

Вынікі сённяшніх кансультацый зробяць важны ўнёсак у парадак дня і практычныя вынікі сустрэчы міністраў замежных спраў краін "Усходняга партнёрства" і Вышаградскай групы, якая адбудзецца 12 красавіка ў Варшаве напярэдадні лістападаўскага саміту ў Бруселі.

Марэк Зюлкоўскі, намеснік міністра замежных спраў Польшчы: "Дзякуй вялікі за ініцыятыву беларускіх партнёраў і калег у тым, каб сапраўды сённяшнюю сустрэчу арганізаваць і правесці".

Удзельнікі нарады вызначылі прыярытэтныя кірункі супрацоўніцтва. Сярод іх развіццё транспартнай інфраструктуры, збліжэнне норм і стандартаў, звязаных з мытным рэжымам і гандлем, падтрымка эканамічнага развіцця на муніцыпальным і рэгіянальным узроўнях, а таксама адукацыя.