У Мінску прайшоў чарговы раўнд перамоў кантактнай групы Украіна - АБСЕ - Расія

1 сентября 2014

Сёння ў Мінску шукалі шляхі выхаду з крызісу на паўднёвым усходзе Украіны


У беларускай сталіцы прайшоў чарговы раўнд перамоў трохбаковай кантактнай групы Украіна - АБСЕ - Расія. Галоўныя тэмы пасяджэння - умовы спынення агню і абмен асоб, якія ўтрымліваюцца бакамі. Перамовы доўжыліся амаль чатыры гадзіны. Удзел у іх прымалі пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, афіцыйны прадстаўнік дзеючага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Кіраўніцтва ДНР прыбыло ў Мінск са сваімі прапановамі па вырашэнні крызіснай сітуацыі. Галоўнае, паводле слоў віцэ-прэм'ера ДНР Андрэя Пургіна, калі не спыніць, то хоць бы скараціць маштаб баявых дзеянняў.


Сустрэча прайшла ў закрытым для журналістаў фармаце. Бакі абмяняліся прапановамі па нармалізацыі сітуацыі на Данбасе. І дамовіліся зноў сустрэцца ў Мінску 5 верасня. Нагадаем, у падобным складзе кантактная група ўжо збіралася ў беларускай сталіцы 31 ліпеня. Рашэнне прадоўжыць перамовы было прынята на мінулым тыдні падчас правядзення мінскага саміту ў фармаце Еўразійская тройка - Украіна - ЕС.