У Мінску праходзіць сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

31 октября 2018

Сёння Мінск стаў найбуйнейшай пляцоўкай палітычнага дыялогу. У Палацы Незалежнасці ў гэтыя хвіліны праходзіць сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Абмяркоўваць складаныя пытанні архітэктуры бяспекі ў рэгіёне і свеце прыехалі больш як сто аўтарытэтных палітыкаў: гэта кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, міністры замежных спраў некалькіх еўрапейскіх краін, кіраўнікі міжнародных арганізацый і эксперты. У адкрыцці міжнароднага форуму і дыскусійнай сесіі "Адносіны Усход - Захад" прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пералік праблем для абмеркавання - болевыя пункты рэгіёна: ад рознагалоссяў па лініі Усход - Захад да канфлікту ва Украіне. Відавочна, што ўсяму еўрапейскаму рэгіёну патрэбныя новыя дамоўленасці па бяспецы, і тым больш актуальнай уяўляецца ініцыятыва беларускага лідара "Хельсінкі-2".

Рашэнне ўкраінскага крызісу - ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе. За час узброенага канфлікту Беларусь прыняла 160 000 перасяленцаў з Украіны. Фактычна стала другім домам, забяспечыўшы гэтых людзей усім неабходным: гэта і дапамога ў працаўладкаванні, медабслугоўванне, сацыяльная, псіхалагічная адаптацыі. На канферэнцыі Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў пэўныя прапановы для гарантавання міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы - адзін з найболей аўтарытэтных форумаў па гэтай тэме - праводзіцца штогод з 1963 года. Першапачаткова яна была пляцоўкай для нефармальных сустрэч вайскоўцаў і лідараў краін НАТА. З часам форум пачаў прыцягваць больш увагі прадстаўнікоў палітычных і ваенных колаў іншых краін. З 2009 праходзяць сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі. Традыцыйна ў фокусе ўвагі асноўнай групы - архітэктура бяспекі рэгіёна, у якім праводзіцца сустрэча.