У Мінску праходзіць штогадовы семінар кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў

15 июля 2019

У Мінску сёння праходзіць штогадовы семінар кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі. У наступныя пяць дзён абмяркуюць асноўныя задачы ў працы замежустаноў. У прыярытэце - развіццё знешнеэканамічнага вектару ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на сусветных рынках, а таксама прасоўванне адукацыйнага, спартыўнага і турыстычнага патэнцыялу Беларусі.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Вы бачыце, што адбываецца ў свеце і на нашых знешніх рынках. Ёсць праблемы, змушаны гэта прызнаць, з рашэннем тых напружаных задач і параметраў, якія пастаўленыя сёлета, і выкананне якіх - непасрэдная сфера адказнасці ў тым ліку МЗС і замежустаноў. Галоўная наша задача - гэта прасоўванне беларускіх тавараў і паслуг на знешнія рынкі. У гэтых умовах патрабаванні да працы пасольстваў, важнасць іх укладу ў рэагаванне на знешнія выклікі будзе ўзрастаць".

Асобную ўвагу плануецца надаць удзелу нашай краіны ў Еўразійскім эканамічным саюзе, старшынства ў якім пяройдзе да Беларусі ў 2020 годзе, а таксама ўзаемадзеянню з краінамі-партнёрамі.

Дзмітрый Мірончык, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Швецыі: "Гэты год адметны тым, што ў нас ёсць замежнае прадстаўніцтва ва ўсіх краінах Паўночнай Еўропы, і гэта паўплывала на інтэнсіўнасць нашых двухбаковых адносін і вынікі эканамічнага супрацоўніцтва. Я вельмі задаволены дынамікай са Швецыяй і Нарвегіяй. У нас пазітыўная дынаміка экспартных паставак, ёсць шэраг ідэй і шэраг канкрэтных планаў у галіне інвестыцый".

У насычанай праграме семінара плануецца мноства дзелавых сустрэч з топ-менеджментам прадпрыемстваў-экспарцёраў. Запланаваныя візіты на айчынныя прадпрыемствы БелГПП, "Белджы" і БелАЗ. А таксама наведванне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень".