У Мінску працягваецца праца па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу

5 июля 2017

Удзельнікі сённяшняга пасяджэння трохбаковай кантактнай групы выказалі прыхільнасць да захавання так званага "хлебнага перамір'я". Дыпламаты канстатавалі істотнае паніжэнне ліку выпадкаў прымянення агнястрэльнай зброі на лініі судатыкненння.

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ у трохбаковай кантактнай групе: "Гэта перамір'е працягвае быць асноўным чаканнем грамадзянскага насельніцтва ў зоне канфлікту. У гэтай сувязі бакі пацвярджаюць сваю прыхільнасць працягу "хлебнага перамір'я", неабходнага для жыццезабеспячэння, у тым ліку, на перыяд правядзення палявых прац. Я спадзяюся, што лідары краін нармандскага фармату знойдуць магчымасць падтрымаць гэта рашэнне падчас перамоў у Гамбургу".

Так званае "хлебнае перамір'е" ўступіла ў сілу напрыканцы чэрвеня і будзе дзейнічаць да канца жніўня. Яго галоўная мэта - палегчыць уборку зерневых на ўсходзе Украіны. Аднак перагаворшчыкі выступаюць за тое, каб перамір'е было працягнута і пасля завяршэння ўборачнай кампаніі. Дарэчы, цяперашняя сустрэча ў Мінску атрымалася даволі прадуктыўнай. Нягледзячы на гарачыя спрэчкі, бакам удалося завяршыць працэс удакладнення спісаў асоб, якія ўтрымліваюцца. Гэта дазволіць Кіеву і непрызнаным рэспублікам пачаць працэс абмену палоннымі па формуле "ўсіх на ўсіх". Таксама, згодна са словамі Марціна Сайдзіка, у выніку працы кантактнай групы ўдалося наладзіць бесперабойную дастаўку вады ў зону канфлікту на Данбасе. А сёння ў Мінску апаненты, нарэшце, дамовіліся аб механізме аплаты за яе. Гэта, як чакаецца, выключыць верагоднасць спынення паставак.

На выніковай прэс-канферэнцыі спецпрадстаўнік АБСЕ звярнуўся да ўдзельнікаў Парламенцкай асамблеі гэтай арганізацыі, якая праходзіць у Мінску, з заявай аб важнасці мінскага фармату.

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ у трохбаковай кантактнай групе: "Я думаю, што важна паказаць і ўдзельнікам Парламенцкай асамблеі, што мінскіх механізм працягвае працаваць, што мы тут працягваем шукаць рашэнне праблемы на ўсходзе Украіны. Я думаю і спадзяюся, што ўдзельнікі Асамблеі гэта прымуць да ўвагі і ўлічаць".

Нагадаем, акрамя абмену палоннымі, мінскія пагадненні прадугледжваюць поўнае спыненне агню і адвядзенне цяжкіх узбраенняў ад лініі судатыкнення, а таксама наданне асобным раёнам Данбаса асаблівага статусу і аднаўленне Украінай кантролю над сваёй мяжой у зоне канфлікту. Наступнае пасяджэнне кантактнай групы адбудзецца ў Мінску праз два тыдні.