У Мінску афіцыйна адкрыўся міжнародны форум "Мінскі дыялог"

23 мая 2018

Умацоўваць як рэгіянальную, так і глабальную бяспеку агульнымі канструктыўнымі намаганнямі шляхам раўнапраўнага абмеркавання. У Мінску афіцыйна адкрыўся міжнародны форум "Мінскі дыялог".

Лейтматывам стала ініцыятыва Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі - запуск "Хельсінкі-2". Узровень мерапрыемства сёлета беспрэцэдэнтны. Да маштабнага дыялогу запрошаны сотні вядучых экспертаў і вядомых палітыкаў з 40 краін свету.

Вольга Давідовіч працягне.

Першы дзень працы маштабнага міжнароднага форуму "Мінскі дыялог" выдаўся багатым на дыскусіі. І гэта нядзіўна, бо важнасць тэм, якія вынесены на абмеркаванне, адлюстроўвае сучасныя геапалітычныя рэаліі. Канфлікт на ўсходзе Украіны, праблемы Прыднястроўя, вайна ў Сірыі, супрацьстаянне Палесціны і Ізраіля, Расіі і Захаду. Застацца ўбаку ад гэтых працэсаў сёння практычна немагчыма. І як ніколі важна прапанаваць шляхі для вырашэння супярэчнасцяў.

Дарэчы, такі форум Беларусь прымае не першы раз. На рахунку экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог" ужо 11 міжнародных канферэнцый. Аднак упершыню ўдалося сабраць такі прадстаўнічы склад удзельнікаў. Сярод іх Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, былы Генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа і намеснік памочніка кіраўніка НАТА Джэймс Апатурай.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі:

"Мы бачым, што прапанова такога маштабнага дыялогу вельмі неабходная ў дадзенай сітуацыі для зніжэння той канфліктагеннасці і канфрантацыі, якая існуе ў нашым рэгіёне і ў свеце ў цэлым. Яна сёння натыкаецца на пэўнае разуменне ў розных кутках - і на поўначы, і на поўдні, і на захадзе, і на ўсходзе - у сілу розных прычын. Мы гэта добра разумеем. Але калі сядзець і нічога не рабіць і чакаць, што на нас зваліцца манна нябесная, і вялікія геапалітычныя гульцы, занятыя бойкай паміж сабою, калі-небудзь аднясуцца паблажліва да інтарэсаў малых і сярэдніх краін, то нічога не атрымаецца. Таму трэба паспрабаваць рабіць хоць нешта ў гэтай сітуацыі".

Усяго форум сабраў каля 400 вядучых экспертаў і палітыкаў з 40 краін свету. Такая цікавасць апраўданая - Мінск, як пляцоўка для перамоў, добра сябе зарэкамендаваў. У Мінска ёсць вопыт, пазіцыя Мінска нейтральная, а галоўнае, Мінск зацікаўлены не дапусціць развіцця канфліктаў у Еўропе. Як раз пра гэта некалькі хвілін таму ішла размова ў нашай выязной студыі. Яна працуе тут на палях у анлайн-рэжыме. І тут варта адзначыць, што Белтэлерадыёкампанія выступае ў ролі інфармацыйнага партнёра форуму.

Крысцін Мутанен, экс-старшыня ПА АБСЕ:

"Існуюць рэчы, якія мы павінны пераадолець - гэта блокавасць, раскол паміж краінамі. Пытанне, якое мы збіраемся абмеркаваць сёння, як перайсці ад канфрантацыі да садзейнічання, як гэтым дзяржавам, якія знаходзяцца ў зоне канфрантацыі, быць далей. Што ім рабіць перш за ўсё для захавання міру, аднаўлення міру і ўласнага развіцця. Гэта галоўнае пытанне, над якім мы працуем, каб людзі жылі ў квітнеючым свеце. Вось чаму гэтая падзея - "Мінскі форум" - мае такое вялікае значэнне. У нас тут эксперты з усяго свету і з розных сфер - гэта і палітыкі, і акадэмікі. Гэта сапраўды каштоўны ўнёсак з боку Беларусі".

Зараз ужо вечар, сем гадзін. Здавалася б, дыскусіі на сёння павінны былі закончыцца. Аднак арганізатары запланавалі яшчэ адно мерапрыемства - нестандартную форму дыялогу па прынцыпе Chatham House. Гэта значыць, што надзённыя пытанні абмяркоўваюцца за зачыненымі дзвярамі, выказаныя ідэі потым можна апублікаваць, але хто іх аўтар - выдаваць нельга. Зразумела, што такія правілы спрыяюць большай адкрытасці. Што з гэтага атрымаецца, мы, магчыма, даведаемся зусім хутка, магчыма, ужо нават заўтра. Мінскі мірны дыялог працягне сваю працу.