У Мінску пачаўся семінар кіраўнікоў дыпламатычных ведамстваў Беларусі

15 июля 2019

Развіццё знешнеэканамічнага вектару ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на сусветных рынках, а таксама прасоўванне беларускіх тавараў і паслуг.

Гэтая тэма стане адной з ключавых на штогадовым семінары кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі. Ён сёння стартаваў у Мінску. 

З вітальным словам перад удзельнікамі форуму выступіў Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Вы бачыце, што адбываецца ў свеце і на нашых знешніх рынках. Ёсць праблемы, змушаны гэта прызнаць, з рашэннем тых напружаных задач і параметраў, якія пастаўленыя сёлета, і выкананне якіх - непасрэдная сфера адказнасці ў тым ліку МЗС і замежустаноў. Галоўная наша задача - гэта прасоўванне беларускіх тавараў і паслуг на знешнія рынкі. У гэтых умовах патрабаванні да працы пасольстваў, важнасць іх укладу ў рэагаванне на знешнія выклікі будзе ўзрастаць".

Штогадовая вучоба кіраўнікоў замежустаноў займае адно з важных месцаў у структуры мерапрыемстваў МЗС 

Сёлета ўвагу нададуць аналізу нерэалізаванага эканамічнага патэнцыялу Беларусі.

Валерый Брылёў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Сербіі: "Гэта важна для кожнага дыпламата. Па-першае, зверыць вектары. У каго якія паказчыкі, у каго якія дасягненні. Тут даволі правільна, на высокім узроўні чытаюцца лекцыі міністрамі".

У насычанай праграме семінара плануецца мноства дзелавых сустрэч, візітаў на розныя аб'екты. Цэнтральным мерапрыемствам стане нарада з кіраўніцтвам урада.