Пасля сустрэчы з лідарам высокія госці адправіліся ў "Прэзідэнт-Гатэль". Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей асабіста сустрэў кіраўнікоў дэлегацый. Пасяджэнне кіраўнікоў МЗС краін Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы пачалося літаральна некалькі хвілін таму.
За перамовамі сочыць наш карэспандэнт Юрый Казлоў (прамое ўключэнне). У гэтыя хвіліны ў "Прэзідэнт-Гатэлі" праходзіць пасяджэнне прадстаўнікоў краін ЦЕІ. Гэта адна з найстарэйшых субрэгіянальных структур кантынента. Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва была заснаваная ў 1989 годзе, і сёння ў яе ўваходзяць 18 краін. Беларусь далучылася да ЦЕІ ў сярэдзіне 90-х, а сёлета стала старшынёй арганізацыі.
Як напярэдадні заявіла ў інтэрв'ю нашай здымачнай групе намеснік генеральнага сакратара ЦЕІ Маргот Клестыль-Лёфлер, Беларусь - вельмі актыўны старшыня, які прапануе шмат свежых ініцыятыў. Адна з самых прывабных для арганізацыі - так званая ідэя сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці ў Вялікай Еўропе. Калі сцісла, то яе сутнасць у актыўным пошуку пунктаў судакранання паміж рознымі інтэграцыйнымі фарматамі кантынента. Напрыклад, Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім. Таксама, па словах спадарыні Клестыль-Лёфлер, наша краіна прапаноўвае нейкія новыя шляхі ўзаемадзеяння з кітайскімі партнёрамі.
Кіраўнікі МЗС ЦЕІ прызнаюць, што Еўропа - гэта не толькі Еўрасаюз, і адзначаюць, што толькі адзінства ўсіх краін дазволіць дасягнуць рэгіёну эканамічнага росквіту.
Варта таксама адзначыць, што старшынства ў ЦЕІ для Беларусі значыць вельмі шмат. Узначальваючы такую арганізацыю, наша краіна атрымае магчымасць прыцягнення новых партнёраў і інвестыцый.
Пасяджэнне кіраўнікоў МЗС ЦЕІ павінна завяршыцца ў найбліжэйшыя гадзіны. Па іх выніках міністры павінны даць прэс-канферэнцыю. Мы будзем сачыць за развіццём падзей.













