У Мінску дамовіліся аб падрыхтоўцы да новага перамір'я ў Данбасе

5 июня 2019

Літаральна некалькі гадзін таму ў Мінску завяршылася чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. Бакі дамовіліся аб падрыхтоўцы да новага перамір'я ў Данбасе.  Развядзенне сіл у Станіцы Луганскай прызначана на панядзелак 10 чэрвеня. Плюс да ўсяго - новае пагадненне аб спыненні агню будзе гатова для падпісання ўжо на наступнай сустрэчы кантактнай групы  19 чэрвеня. 

Захаванне рэжыму спынення агню, абмен палоннымі і ўмовы іх утрымання, пытанні водазабеспячэння. Спектр праблем Данбаса не страчвае актуальнасці, а непасрэднай пляцоўкай для часам няпростых перамоў прадстаўнікоў Украіны, Расіі і АБСЕ застаецца Мінск. Аб канкрэтных выніках мінскіх перамоў, напрыклад, дазваляе гаварыць неаднаразовае дасягненне перыядаў перамір'я ў рэгіёне канфлікту. 

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Я вельмі рады, што Леанід Данілавіч Кучма, другі прэзідэнт Украіны, вярнуўся да нас. Бакі таксама выказалі намер -  10 чэрвеня пачаць развядзенне сіл і сродкаў на ўзгодненым участку ў Станіцы Луганскай. Гэта было б сапраўдным прагрэсам".

З другім тэрмінам працы ў трохбаковай кантактнай групе вопытнага палітыка Леаніда Кучмы  Кіеў звязвае пэўныя надзеі і задачы. 

Уладзімір Зяленскі, Прэзідэнт Украіны: "Важнае пытанне для Украіны, для кожнага з нас, для нашай каманды - спыненне вайны ў Данбасе. У нас адзіная пазіцыя  па неабходнасці актывізацыі перамоў у нармандскім фармаце і разблакіраванні мінскіх перамоў”.

Тое, што Беларусь годна спраўляецца з роляй пасрэдніка ва ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, нязменна падкрэсліваюць замежныя эксперты. Пазітыўную ацэнку ўкладу Мінска ў вырашэнне канфлікту на ўсходзе Украіны даў саветнік па пытаннях палітыкі Еўрапарламента Грэгары Жульен. 

Грэгары Жульен, саветнік па пытаннях палітыкі Еўрапарламента: "Як мы бачым па ўкраінскім крызісе,  Беларусь выдатна спраўляецца з роляй медыятара. Вельмі важна, што ваша краіна працягвае дапамагаць знаходзіць пункты судакранання ў пошуках кансэнсусу. І Еўрасаюз лічыў і лічыць Беларусь вельмі важным партнёрам на міжнароднай арэне".

Ролю Беларусі ў сучасных геапалітычных і геаэканамічных працэсах абмяркоўвалі сёння ўдзельнікі штогадовай міжнароднай канферэнцыі  ў сценах Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Паводле слоў саветніка Еўрапарламента, Брусель называе Беларусь важным партнёрам у сістэме міжнародных адносін. Як падкрэсліў Грэгары Жульен,  цэнтр паміж ЕС і Расіяй - Мінск - уносіць свой асаблівы ўклад у працу ініцыятывы "Усходняе партнёрства". 

Не менш важная для Беларусі еўраазіяцкая інтэграцыя - наш удзел у глабальным праекце "Адзін пояс і адзін шлях".

Рафал Чахор, дэкан факультэта Польскага ўніверсітэта імя Я. Вышыкоўскага: "Беларусь можа знайсці сваю дарогу як сувязное звяно паміж Усходам і Захадам. Тое, што доўгі час было толькі палітычным лозунгам, зараз набывае сапраўдныя рысы. Такая палітычная рэальнасць. З боку Заходняй Еўропы, краін НАТА і Еўрасаюза зараз вызначаецца новы падыход да Беларусі, больш адкрыты".