Сёлета Беларусь упершыню старшынствуе ў ЦЕІ. Гэтая арганізацыя адна з найстарэйшых еўрапейскіх субрэгіянальных структур. Заўтра прадстаўнікі ініцыятывы сустрэнуцца з Кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта, і прымуць удзел у міністэрскай сустрэчы. З чым прыбылі ў Мінск міністры з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, раскажа Юрый Казлоў.
Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва - гэта міждзяржаўны форум, створаны ў 1989-м. Сёння ў арганізацыю ўваходзяць 16 краін. У тым ліку Аўстрыя, Італія, Польшча, Сербія, Чэхія. У 2017-м старшынства ў ініцыятыве перайшло да Беларусі. Гэта даволі важнае дасягненне нашай знешняй палітыкі.
Афіцыйны Мінск лічыць, што, узначальваючы ЦЕІ, Беларусь атрымае магчымасць прыцягнення новых партнёраў і інвестыцый. Напрыклад, за апошнія гады ў Беларусі былі рэалізаваныя праекты ЦЕІ ў сферах транспарту, турызму, культуры, адукацыі, навуковых даследаванняў.
Маргот Клестыль-Лёфлер, намеснік генсакратара Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы: "Беларусь - вельмі актыўны старшыня з вялікай колькасцю новых ініцыятыў. Беларусь выступіла з так званай ідэяй сумяшчальнасці ў Еўропе. Яна вельмі важная для нас, а таксама прапанавала пашырыць супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі".
Ігар Црнадак, міністр замежных спраў Босніі і Герцагавіны: "Беларусь робіць выдатную працу падчас свайго прэзідэнцтва. Мне вельмі прыемна быць тут як члену "тройкі". І я ўпэўнены, што заўтра ўсё пройдзе добра. Ведаеце, існуе шмат рэгіянальных арганізацый, і я магу сказаць, што некаторыя з іх, на жаль, гавораць больш, чым робяць. Але гэтая ініцыятыва не такая. У ЦЕІ добры вопыт, яна існуе з 1989 года, і я ўпэўнены, што гэты форум выжыве. Мне вельмі прыемна, што столькі краін, у тым ліку Беларусь, працуюць над нашай будучыняй".
Сёння ў Нацыянальным аэрапорце Мінск прызямліліся лайнеры прадстаўнікоў Славеніі, Чэхіі, Італіі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Славакіі. Таксама ў сталіцу прыбыло кіраўніцтва самой ініцыятывы і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Заўтра дэлегаты прымуць удзел у пасяджэннях у МЗС і сустрэнуцца з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Заяўленая тэма дыскусій - узрастаючая роля ЦЕІ ў пасоўванні сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Вялікай Еўропе, уключаючы аб'яднанне намаганняў у супрацьстаянні новым пагрозам стабільнасці і ўмацаванне прагматычнага супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі фарматамі.
Вінчэнца Амендола, намеснік міністра, дзяржсакратар МЗС Італіі: "Мы гаворым аб супрацоўніцтве сярод усіх еўрапейскіх краін. Еўрапейскае вымярэнне - гэта не толькі ЕС, але адзінства ўсіх краін, якія павінны працаваць разам дзеля дыялогу, супрацоўніцтва і эканамічнага развіцця".













