У Мінск на канферэнцыю па барацьбе з тэрарызмам прыедуць прадстаўнікі каля 50 краін

2 сентября 2019

Такія мірныя, шчаслівыя карцінкі дня сённяшняга  міжволі выклікаюць думкі аб тым, як засцерагчы нашых дзяцей. Як захаваць для іх мір. Бо, на жаль, зручныя гаджэты, праграмы, шырокапалосны інтэрнэт - усё гэта ўжо стаіць і на ўзбраенні сіл тэрору. Як зрабіць, каб зло экстрэмізму і радыкалізму, якое  не прызнае меж, не заліло планету прапагандай, фэйкамі і крывёй - вось пытанне, вынесенае на абмеркаванне форуму, які стартуе ў нашай сталіцы заўтра. Намеснік генеральнага сакратара ААН, кіраўнік Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, навукоўцы з сусветным імем, эксперты, сілавікі і медыйшчыкі будуць шукаць адказы, неабходныя для будучыні. Неабходныя ўжо сёння. Пра будучыя два дні, якія дапамогуць не страсянуць свет, Глеб Лаўроў.

Калі камусьці хоць на секунду яшчэ здаецца, што з гэтым светам усё ў парадку, то гэта нічога, гэта пройдзе. Гэта толькі значыць, што такі чалавек пакуль не сочыць за навінамі ад слова зусім. А вось тым,  хто нават мімаходам прабягае стужкі на экранах, дысплеях, маніторах перад тым як паглядзець прагноз надвор'я, ім усім/нам усім зразумела: постглабалізм не зрабіў свет больш ясным, спакойным і/або бяспечным. Хоць нават і прагноз сёння - гэта справаздача аб сусветнай кліматычнай пагрозе. Але. На арганізаванай Беларуссю і ААН міжнароднай канферэнцыі "Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстанні новых і ўзнікаючых тэхналогій", якую Мінск прыме  гэтымі днямі, гаварыць будуць пра іншыя, хоць таксама смяротна небяспечныя буры. Зрэшты, у нашай мірнай сталіцы  апошнія гады неяк ужо звыкла абмяркоўваць толькі найважнейшае.

Пасланцы паўсотні краін тут, у нас,  гэтымі днямі будуць гатовыя зірнуць у вочы найбольш актуальным выклікам дня сённяшняга. І нават заўтрашняга. ААН, АБСЕ, АДКБ, ШАС, Еўрапейскі саюз і самыя прасунутыя ў хай-тэку дзяржавы Еўразіі - няпоўны пералік удзельнікаў глабальнага дыялогу. І месца для іх сустрэчы, не  апошнюю чаргу, не змяняюць таму, што мы адна з нешматлікіх краін, хто ўжо распрацаваў канцэпцыю нашай нацыянальнай інфабяспекі.  А пераймаць такі вопыт  і хутка - жыццёва важна.

Мінск як пляцоўка ініцыятыў, накіраваных на спакой і мір для суседзяў, для рэгіёна, для кантынента - гэта крэда замацавалася за беларускай сталіцай пасля перагаворнага марафону па Украіне, пасля мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, пасля агучвання ініцыятыў па Хельсінкі-2. А была яшчэ і мінулая высокая сустрэча па антытэроры пад эгідай ААН. Тут жа. Так, нам ужо было што прапанаваць усім зацікаўленым. Але ў сітуацыі, калі новыя тэхналогіі вядуць і да новых пагроз,  спыняцца на дасягнутым не прыходзіцца. І беларуская дыпламатыя спыняцца не збіраецца.

Увогуле,  свет мае пытанні. І адказы свет гатовы шукаць тут. Рыхтуемся разам.