У МЗС упершыню ўручылі нагрудныя знакі адрознення органаў дыпслужбы Беларусі

17 января 2019

Сімвал мудрасці, вопыту і традыцый. Упершыню працаўнікам беларускага МЗС былі ўручаныя нагрудныя знакі адрознення органаў дыпламатычнай службы Беларусі. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел першы намеснік міністра замежных спраў нашай краіны Андрэй Еўдачэнка. Паводле яго слоў, за гады незалежнасці Беларусь дасягнула прыкметных поспехаў на міжнароднай арэне, стала ўдзельнікам новых інтэграцыйных праектаў. І гэта шмат у чым заслуга дыпламатаў.

Андрэй Еўдачэнка, першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі: "У 2017 годзе мы павялічылі да 2016 года 5,7 млрд долараў экспарту. Сёлета мы павялічым яшчэ каля 4,5 - 5 млрд долараў да мінулага года. Таму мы лічым, што 10 млрд у плюсе ў нашым экспарце за два гады - гэта выдатны вынік. Разам з тым кан'юнктура сусветнага рынку змяняецца, таму ў нашага міністэрства, вядома, сумесна з нашымі прадпрыемствамі-вытворцамі, экспарцёрамі наперадзе вельмі сур'ёзная праца ў 2019 годзе па захаванні гэтых пазіцый".

Зараз Беларусь разам з партнёрамі па ЕАЭС працуе над лібералізацыяй гандлёвых адносін з дзяржавамі. У пакеце не менш за 12 новых краін. Нагадаем, пагадненні аб вольным гандлі ўжо складзеныя з Кітаем і Іранам. Ёсць некаторыя поспехі ў перамовах з Ізраілем, абмяркоўваюцца дэталі з Егіптам і Індыяй. Акрамя таго, у лютым у Жэневе Беларусь правядзе чарговы раўнд перамоў аб уваходжанні ў СГА.