Пытанне гарантавання міру і бяспекі востра стаіць на парадку дня чалавецтва. Пра гэта заявіў Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падчас выступлення на агульнай дыскусіі 74-й сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Памяць аб дзясятках мільёнаў ахвяр Другой сусветнай вайны, зверствах нацыстаў і іх злачыннай палітыцы генацыду дазволіла нам усім дамовіцца аб светаладзе, які ўсё яшчэ дапамагае пазбегнуць новага глабальнага канфлікту. Яго наступствы былі б катастрафічнымі для ўсёй планеты. І, на жаль, мы ўсе як ніколі блізкія да гэтай небяспечнай рысы".
Кіраўнік МЗС таксама адзначыў, што Беларусь выступае за скарэйшую распрацоўку дэкларацыі аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Акрамя таго, Мінск заклікае краіны ААН прыняць меры для гарантавання міжнароднай інфармацыйнай бяспекі: неабходна пашырыць міждзяржаўнае лічбавае супрацоўніцтва. Яно можа стаць асновай для выпрацоўкі міжнародных правіл адказных паводзін у віртуальнай прасторы. Не засталася незаўважанай экапраблематыка - свету неабходныя рашучыя дзеянні ў барацьбе са змяненнем клімату.













