У. Макей: Беларусь і Нідэрланды дамовіліся аб прадаўжэнні актыўнага палітычнага дыялогу

10 июля 2017

Беларусь і Нідэрланды дамовіліся аб прадаўжэнні актыўнага палітычнага дыялогу, заявіў кіраўнік МЗС нашай краіны Уладзімір Макей на цырымоніі адкрыцця аддзялення пасольства каралеўства ў Мінску. Ён падкрэсліў, што Нідэрланды ўваходзяць у дзясятку галоўных гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных партнёраў Беларусі. У нас працуе каля ста прадпрыемстваў з удзелам галандскага капіталу.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі:

"Мы гаварылі сёння, як мы павінны развіваць палітычны дыялог, гандлёва-эканамічны дыялог. Тавараабарот за апошнія гады, на жаль, паменшыўся ў 3,5-4 разы з-за розных акалічнасцяў. Але мы маем намер шчыльна заняцца пытаннямі гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з тым, каб выйсці на ранейшыя ступені нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва".

Генеральны сакратар МЗС Нідэрландаў Іахана Брант у сваю чаргу адзначыла, што адкрыццё аддзялення пасольства праходзіць у год 25-годдзя дыпламатычных адносін паміж краінамі. І ўвесь гэты час дзяржавам удавалася канструктыўна супрацоўнічаць.

Іахана Брант, генеральны сакратар МЗС Нідэрландаў:

"Наша двухбаковае супрацоўніцтва вельмі актыўна прасоўваецца, у тым ліку і таму, што Нідэрланды з'яўляюцца краінай - членам Еўрасаюза, а Беларусь знаходзіцца якраз на мяжы ЕС. І я спадзяюся, што мы будзем працягваць актыўна супрацоўнічаць. Не толькі паміж міністэрствамі, але і паміж бізнес-коламі, і паміж спартыўнымі камандамі".

Зараз у Беларусі больш за 60 акрэдытаваных дыппрадстаўніцтваў, консульскіх устаноў і міжнародных структур. Па словах Уладзіміра Макея, у хуткім часе гэтая колькасць павялічыцца. Так, некалькі краін з так званай далёкай дугі ўжо заявілі аб сваёй гатоўнасці адкрыць пасольствы ў Беларусі. Узяць прыклад з Нідэрландаў гатовыя і некаторыя еўрапейскія дзяржавы.