У Казахстане адкрываецца нарада спікераў парламентаў Еўразіі

24 сентября 2019

Заканадаўцы самага вялікага кантынента абмяркуюць актуальныя тэмы міжнароднага парадку дня. У Нур-Султан з'ехаліся больш  за паўсотні дэлегацый. Беларускую прадстаўляе спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Падрабязнасці маючага адбыцца дыялогу даведаемся ў нашага карэспандэнта Вольгі Анішчанкі.

Сёння Нур-Султан стане сталіцай парламенцкай дыпламатыі. Кіраўнікі заканадаўчых органаў тут будуць гаварыць пра тое, што сёння хвалюе без перабольшання ўвесь Еўразійскі кантынент. А гэта самы вялікі рынак, які прадстаўляе траціну сусветнай эканомікі. Але эканамічны парадак дня  тут не самае галоўнае, на чым засяродзяць увагу спікеры. Развіццё супрацоўніцтва па ўсіх  напрамках, умацаванне міру, процідзеянне экстрэмізму - вось тое, на што  будзе накіраваны дыялог еўразійскіх парламентарыяў.

Такі фармат супрацоўніцтва для Еўразіі зусім не новы. Першая сустрэча заканадаўцаў прайшла яшчэ ў 2016 годзе ў Маскве. Тады ідэя наводзіць масты паміж найбуйнейшымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі ў парламенцкай плоскасці дала старт рэгулярнаму дыялогу. Парламентарыі сустракаюцца нярэдка на розных пляцоўках, напрыклад, СНД або БРІКС, але менавіта гэтая нарада спікераў дазваляе гаварыць пра агульныя для ўсіх праблемы  рэгіянальнага і глабальнага маштабу, зразумелыя і адчувальныя для ўсяго кантынента. Да таго ж на палях форуму праводзяць двухбаковыя перамовы. І кіраўнік беларускай дэлегацыі Уладзімір Андрэйчанка такой магчымасцю абавязкова карыстаецца. На сустрэчах з калегамі з Казахстана і Малдовы (яны прайшлі напярэдадні) партнёры пацвердзілі курс на супрацоўніцтва без бар'ераў. У Беларусі будуць рады бачыць бізнес-партнёраў, а таксама прадстаўнікоў краін у складзе місій назіральнікаў на маючых адбыцца ў Беларусі парламенцкіх выбарах. 

Сёлета нарада спікераў як ніколі маштабная. Сярод удзельнікаў   каля 60 краін. Большасць прадстаўлена самым высокім узроўнем спікераў парламентаў і віцэ-спікераў. Кожны сёння звернецца да сваіх калег з актуальнымі прапановамі і ініцыятывамі. Без сумнення, яны будуць накіраваныя на пашырэнне супрацоўніцтва, дапаўненне намаганняў дыпламатаў, пераадоленне супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы вялікай Еўразіі.