У Гамбургу праходзіць сустрэча міністраў замежных спраў дзяржаў - удзельнікаў АБСЕ

8 декабря 2016

У Гамбургу праходзіць дваццаць трэцяя сустрэча міністраў замежных спраў дзяржаў - удзельнікаў АБСЕ. На парадку дня - няпростая дыскусія  аб праблемах еўрапейскай бяспекі. Пытанне паўстала асабліва востра пасля шэрагу падзей, якія ў  адыходзячым годзе  змянілі статус-кво на еўрапейскай прасторы, - гэта  Брэксіт і перамога Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. Адна з цэнтральных тэм -  сітуацыя на ўсходзе Украіны. Нашу краіну на сустрэчы прадстаўляе міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Ён выступіў на пленарным пасяджэнні, закрануўшы аспекты далейшага развіцця АБСЕ. Па словах дыпламата, сённяшняя сітуацыя нагадвае "дахельсінкскі" перыяд. Расце адчужэнне паміж Захадам і Расіяй. Усё больш выразная перспектыва новай халоднай вайны. З усведамленнем гэтага Прэзідэнт Беларусі  выступіў з ідэяй новага міратворчага працэсу, аналагічнага Хельсінкскаму,  сказаў кіраўнік МЗС.
Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Беларусі: 
"Больш чым  40 гадоў  таму для разрадкі ў адносінах паміж Захадам і Усходам запатрабаваўся Хельсінкскі працэс, падчас якога былі выпрацаваныя прынцыпы мірнага ўзаемадзеяння дзяржаў ва ўмовах двухпалярнага свету. Сённяшняя сітуацыя, на жаль, вельмі нагадвае "дахельсінкскій" перыяд. Расце адчужэнне паміж Захадам і Расіяй. Усё больш  выразнай становіцца перспектыва новай халоднай вайны. З усведамленнем гэтага Прэзідэнт Беларусі выступіў з ідэяй новага міратворчага працэсу, аналагічнага Хельсінкскаму. Наспела неабходнасць сустрэчы лідараў Расіі, ЗША, ЕС, Кітая, для адкрытага абмену меркаваннямі наконт прычын крызісу ў міжнародных адносінах. Важна пакласці пачатак асэнсаванню новых правіл шматпалярнасці пры безумоўнай павазе інтарэсаў адно аднаго. Пры неабходнасці - падключыць да гэтага працэсу міжнародную экспертную супольнасць. Беларусь гатова арганізаваць  адпаведныя сустрэчы ў Мінску".
Уладзімір Макей таксама заявіў, што Беларусь падтрымлівае ініцыятыву Германіі аб перазапуску кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі. А ў якасці старшыні АДКБ у 2017-м наша краіна гатова спрыяць абмеркаванню гэтай і іншых ініцыятыў, накіраваных на зніжэнне напружанасці і ўмацаванне бяспекі ў еўрапейскім і еўразійскім рэгіёнах. Па словах міністра, АБСЕ даказала сваю запатрабаванасць, прымаючы ўдзел ва ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны. Беларусь поўнасцю падтрымлівае дзейнасць трохбаковай кантактнай групы і Спецыяльнай маніторынгавай місіі арганізацыі ў Данбасе. Гатовыя і надалей рабіць усё, што ў нашых сілах, каб мір і спакой запанавалі на зямлі братэрскай Украіны, заявіў Уладзімір Макей.