У Брэсце праходзіць 54-ая сесія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі

18 Чэрвеня 2018

У Брэсце сабраліся парламентарыі Беларусі і Расіі. Тут праходзіць 54-ая сесія Парламенцкага сходу Саюза дзвюх краін. З аэрапорта дэлегацыя адразу накіравалася ў Брэсцкую крэпасць-герой. Дэпутаты ўсклалі кветкі да Вечнага агню. Загінуўшых абаронцаў крэпасці ўшанавалі хвілінай маўчання. Упершыню ў пасяджэнні сесіі прыме ўдзел Моладзевая палата, створаная пры Парламенцкім сходзе інтэграцыі каля года таму (па 20 дэлегатаў з кожнай краіны).

Уладзімір Андрэйчанка, кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Дзякуючы адзінству нашых народаў, мужнасці, гераічнасці мы выстаялі ў той вайне. І вельмі сімвалічна, што сёння мы разам будуем Саюзную дзяржаву. Так, праблем шмат, але мы іх вырашаем, разглядаем пытанні, але мы рухаемся ў правільным напрамку".

Алена Яракіна, старшыня Моладзевай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі: "Зараз вельмі эфектыўна наладжана супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на вышэйшым узроўні - на ўзроўні прэзідэнтаў, парламента, выканаўчай улады. І важна, каб у пабудове Саюзнай дзяржавы таксама актыўна ўдзельнічала моладзь".

У гэтыя хвіліны парламентарыі краін-суседак абмяркоўваюць пытанні больш цеснай інтэграцыі і ўзаемадзеяння. Ключавыя тэмы - стварэнне на ўзроўні заканадаўства роўных умоў для працы прадпрыемстваў, фарміраванне адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы і ўмацаванне сяброўства паміж моладдзю дзвюх краін.