У беларускай сталіцы пройдзе Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы

30 октября 2018

Узаемадзеянне па лініі Усход-Захад, рэгіянальныя канфлікты, эканамічная сітуацыя ва Усходняй Еўропе - гэта толькі некаторыя тэмы абмеркавання ў рамках пасяджэння асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Фармат сустрэчы ў Мінску - асаблівы. Ён сумяшчае ўдзел і прадстаўнікоў афіцыйных улад і экспертаў. А таму варта чакаць якасную і прадметную дыскусію. На парозе афіцыйнага старту мінскага пасяджэння Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы - Анатоль Ліпецкі.

Асноўная група Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы - гэта дзясяткі палітыкаў, экспертаў, генератараў думкі. Сабраліся яны ў беларускай сталіцы для абмеркавання адносін паміж Усходам і Захадам, рэгіянальных канфліктаў, мінскага працэсу і іншых важных пытанняў. Гэты форум - асаблівы. Архітэктура бяспекі - праз прызму дыскусій у фармаце Chatham House, гэта значыць менш фармальнасцяў, а больш рэальных ідэй і даверу.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы - найбуйнейшая ў свеце платформа для абмеркавання праблем міжнароднай бяспекі. Пад эгідай канферэнцыі ў розных частках свету праводзяцца і іншыя мерапрыемствы, з найважнейшых - сустрэчы Асноўнай групы. Папярэднія праходзілі ў Вашынгтоне, Маскве, Пекіне, Досе, Нью-Дэлі, Вене, Тэгеране, Адзіс-Абебе. І вось зараз - Мінск.

Беларусь упершыню прымае такі маштабны форум, і яна гэта заслужыла, бо наша краіна даказала здольнасць быць так званым брыдж-білдарам, гэта значыць дапамагаць наводзіць масты ўзаемаразумення.

Падкрэсліць ролю Беларусі імкнуцца і высокапастаўленыя госці. Для ўдзелу ў форуме ў Мінск прыбыў еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханес Хан. Ён сустрэўся з прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Дынамічнае развіццё супрацоўніцтва, збліжэнне, дыялог, перспектывы, партнёрства - усё гэта не проста дыпламатычны лексікон. Пацверджаннем рэальнасці пазітыўных трэндаў з'яўляецца тое, што спадар Хан трэці раз прыязджае ў нашу краіну. І, вядома, чыноўнік яго ўзроўню не можа не паўдзельнічаць у дыскусіі, якая стартуе.

Што рабіць з пераглядам асобнымі дзяржавамі канцэптуальных дактрынальных дакументаў у галіне бяспекі і абароны, як пісьменна рэагаваць на нарошчванне ў шэрагу рэгіёнаў замежнай ваеннай прысутнасці, што дапаможа пазбегнуць абвастрэння сітуацыі ў крызісных рэгіёнах і з'яўлення новых ачагоў канфліктаў? Пазіцыя Беларусі адназначная: пры пошуку рашэнняў амбіцыі трэба пакінуць у баку. Усім.

Без сумнення - Мінск становіцца той самай неабходнай пляцоўкай у рэгіёне, дзе па ўласным жаданні збіраюцца зацікаўленыя - і часам, бакі, які проціборствуюць. І дзе ёсць усе ўмовы, якія дазваляюць ім вольна выказваць сваё меркаванне, слухаць і быць пачутымі.