У беларускім парламенце пачынаецца вясновая сесія

4 апреля 2016

Дэпутаты ў Авальнай зале пачнуць разглядаць законапраекты - на парадку дня 40 дакументаў.

Якім будзе гэты законатворчы сезон, раскажа наш аглядальнік Наталля Брэвус. Нягледзячы на тое што гэтая сесія стане завяршальнай у працы пятага склікання, планы на вясну ў народных выбраннікаў сур'ёзныя. Да красавіка шчыльна папрацавалі парламентарыі ў камісіях. Так што законатворчы сезон стартуе з разгляду важных дакументаў у Авальнай зале.

Новую ваенную дактрыну беларускі парламент плануе разгледзець на вясновай сесіі адразу ў двух чытаннях. Гэта адно з найважнейшых пытанняў нацыянальнай бяспекі. Завершаць працу над Кодэксам аб культуры і новым Кодэксам аб судаўладкаванні і статусе суддзяў. Законапраект "Аб абыходжанні з жывёламі" вынесуць у шырокае грамадскае абмеркаванне. Яго плануюць правесці да 1 ліпеня. Дарэчы, законатворчы сезон пачынаецца на фоне частых міжнародных сустрэч. Дэпутаты прасоўваюць эканамічныя інтарэсы краіны. Трэба сказаць, што парламенцкая дыпламатыя дае свой плён. Толькі што вярнуліся з Тайланда, дзе дамовіліся аб выпрабавальных пастаўках нашай тэхнікі. І вось адразу прайшлі сустрэчы з калегамі з Эквадора і Балгарыі. Наведаюць Беларусь дэлегацыя Парламенцкай канферэнцыі Балтыйскага мора, а таксама госці з Румыніі, Пакістана, Японіі.

Паралельна з Палатай прадстаўнікоў сесія адкрываецца сёння і ў Савеце Рэспублікі. Аляксандр Лукашэнка, ацэньваючы працу Нацыянальнага сходу, выказаў надзею, што прафесіяналізм парламентарыяў будзе толькі расці.

Актыўна далучыліся дэпутаты да абмеркавання праграмы дзейнасці ўрада на пяцігоддзе. Прапанавалі свае карэкціроўкі. Яны, напрыклад, датычацца пытанняў антыманапольнай палітыкі і стварэння рабочых месцаў. Дарэчы, разгляд гэтага дакумента не будуць адкладаць. Яго абмяркуюць у Авальнай зале ўжо заўтра.