У Беларусі ўпершыню для арганізацыі парламенцкіх выбараў сфарміраваныя абласныя камісіі

1 июля 2016

У Беларусі ўпершыню для арганізацыі парламенцкіх выбараў, акрамя акруговых, сфарміраваныя абласныя камісіі. Аб гэтым сёння на навучальным семінары для членаў выбаркамаў у Брэсце распавёў сакратар ЦВК. Гаворачы аб асаблівасцях цяперашняй выбарчай кампаніі, Мікалай Лазавік адзначыў, што падлік галасоў за кандыдатаў будзе здзяйсняцца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачнецца ўжо з 3 ліпеня.

Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Месяц даецца на вылучэнне кандыдатаў. Могуць удзельнічаць у гэтым працоўныя калектывы, грамадзяне і палітычныя партыі. Я мяркую, недахопу ў кандыдатах не будзе, асабліва ў буйных гарадах. І пасля гэтага пачнецца самы цікавы этап - гэта агітацыйная кампанія".

Не пазней за 27 ліпеня павінны быць сфарміраваныя ўчастковыя камісіі. Нагадаем, выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 11 верасня.