У Беларусі стартаваў новы этап перадвыбарнай кампаніі - агітацыя

13 августа 2016

У тым ліку на тэлебачанні і радыё. Час дадзены не толькі на цэнтральных каналах, але і ва ўсіх рэгіянальных СМІ. Кіраўнік галоўнага медыяхолдынга краіны Генадзь Давыдзька сёння азнаёміўся з арганізацыяй відэазапісу выступленняў кандыдатаў у дэпутаты на студыі "Тэлерадыёкампаніі "Магілёў". Яны пачаліся з 10 раніцы. На кожнага кандыдата, згодна з заканадаўствам, прадугледжана 5 хвілін бясплатнага эфірнага часу.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Самая галоўная наша задача - гэта даць роўныя магчымасці ўсім кандыдатам у дэпутаты. Каб ні на ёту ні ў каго не было нейкай перавагі. Вось гэта самая галоўная задача. Усе ўмовы для таго, каб самавыявіцца кандыдатам у дэпутаты, створаны".

Ірына Акуловіч, дырэктар РУП РТЦ "Тэлерадыёкампанія "Магілёў": "Мы павінны даць кожнаму кандыдату, які прыйшоў у студыю, адчуванне камфорту. Хочаце - запісваемся седзячы або стоячы, суфлёр - без суфлёра, вада, грымёр. Усё для таго, каб чалавек адчуваў сябе камфортна, мог выступіць і данесці тое, што ён хоча".

Нагадаем, падчас такіх выступленняў забараняецца агітацыя або прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або моўнай перавагі. У выпадку невыканання правіл выступленне кандыдата можа быць знята з эфіру.