У Беларусі прайшлі выбары ў Савет Рэспублікі

7 ноября 2019

Сёння ў Беларусі стартаваў асноўны этап выбарчай кампаніі. Па ўсёй краіне прайшлі выбары ў Савет Рэспублікі. Верхняя палата беларускага парламента - свайго роду заканатворчы фільтр на шляху законапраектаў, бо заканадаўчыя акты, якія прымаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, затым абмяркоўваюцца сенатарамі, і толькі потым трапляюць на подпіс Кіраўніку дзяржавы. Нагадаем, галоўны заканадаўчы орган краіны - Нацыянальны сход - складаецца з дзвюх палат (як і ў многіх краінах, гэта распаўсюджаная практыка): Палаты прадстаўнікоў, куды ўсеагульным галасаваннем выбіраюцца 110 дэпутатаў (іх мы будзем выбіраць 17 лістапада), і Савета Рэспублікі, куды ўваходзяць 64 сенатары - па 8 ад кожнай вобласці і горада Мінска. Яны выбіраюцца таемным галасаваннем на пасяджэннях мясцовых Саветаў дэпутатаў, і яшчэ 8 прызначае Прэзідэнт.

Пра тое, як сёння праходзілі выбары ў верхнюю палату парламента, карціну дня па рэгіёнах краіны сабраў наш карэспандэнт Яўген Горын.

У Мінску выбраны сенатары

Сёння той самы дзень, калі дэпутаты мясцовых Саветаў становяцца выбаршчыкамі. Вывучаюць, абмяркоўваюць кандыдатуры на сенатарскія партфелі. У беларускім парламенце Савет Рэспублікі - найважнейшы элемент. Людзі сюды прыходзяць з сур'ёзным жыццёвым і прафесійным вопытам. Яны ўжо, як правіла, заслужылі аўтарытэт і павагу ў грамадстве сваёй працай і дасягненнямі. Як хірург-трансплантолаг Алег Румо. Для яго гэта ўжо чарговы тэрмін у крэсле сенатара.

25 % сенатараў ад Мінска - жанчыны

Зрэшты, ён адзіны ад Мінска з папярэдняга складу. Для большай часткі абраных сенатараў Савет Рэспублікі - новае месца працы. Восем чалавек, якія будуць прадстаўляць сталіцу ў сёмым скліканні, - добры прыклад прадстаўнічай дэмакратыі. Эканоміка, юрыспрудэнцыя, адукацыя медыцына. Плюс гэта на 25 % жаночыя твары. Гендарная разнастайнасць таксама важная. На ўсходзе краіны, у Магілёве, падабраўся чыста мужчынскі склад. Усе восем выбраннікаў на добрым рахунку як у сябе ў рэгіёне, так і на ўзроўні рэспублікі. Гэта і банкаўская сістэма, і адукацыя, медыцына і прамысловасць. Ёсць моцныя гаспадарнікі. Алег Портнік - кіраўнік найбуйнейшага ў вобласці саўгаса "Добраахвотнік". Амаль 40 гадоў працуе на зямлі.

Усе кандыдаты ад Гродзенскай вобласці беспартыйныя

Магілёўская вобласць - гэта ўсход краіны, а Гродзенская - захад, процілеглы напрамак. Аднак бачанне далейшага развіцця рэгіёнаў і краіны ў цэлым супадае. У аграрыяў гэта асабліва прыкметна. Абраныя сёння ў Гродне сенатары робяць акцэнт на росце зарплат беларусаў у малых гарадах, сельскай мясцовасці, стварэнні новых рабочых месцаў. Яшчэ Гродна запомніцца моднай скрыняй для галасавання - з празрыстага шкла. У Магілёве, напрыклад, было матавае.

Абранне сенатараў ад Мінскай вобласці адбылося ў Маладзечне. Удзел у працэсе прынялі 620 дэпутатаў. Больш было толькі ў Віцебску - 621. Прасторная зала змясціла і такі прадстаўнічы сход, і дапамагла суіскальнікам на крэслы сенатараў данесці свае праграмы і намеры. Выбары ў Савет Рэспублікі прайшлі ва ўсіх абласцях Беларусі. Выконваць свае абавязкі сенатары пачнуць 6 снежня. Наперадзе заключная частка выбарчай кампаніі ў парламент.

12 лістапада - датэрміновае галасаванне па выбранні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў

Цэнтрвыбаркам падвядзе вынікі выбараў у Савет Рэспублікі 12 лістапада. І ў гэты ж дзень пачнуць працаваць выбарчыя ўчасткі. У краіне пачнецца датэрміновае галасаванне па выбранні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.


Тэгі:

#Выборы 2019