У Беларусі падводзяць вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў

24 марта 2014
Галасы за кандыдатаў аддалі 77% выбаршчыкаў. У Цэнтрвыбаркаме знаходзіцца наш карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская. І ў яе ўся апошняя інфармацыя пра папярэднія вынікі галасавання (прамое ўключэнне).


Можна з упэўненасцю гаварыць, што выбары адбыліся. З сямі мільёнаў выбаршчыкаў больш як два мільёны чалавек прагаласавалі датэрмінова. Але і ў асноўны дзень выбараў - 23 сакавіка - яўка была вельмі высокая.
Гэтаму спрыяла адразу некалькі фактараў. Па-першае, выдатнае надвор'е, не характэрнае для пачатку вясны. Па-другое, добрая піар-кампанія саміх выбараў. Шмат вонкавай рэкламы ў горадзе, актыўная праца сродкаў масавай інфармацыі і нестандартны падыход да прыцягнення выбаршчыкаў на ўчасткі. Цэнтрвыбаркам прыцягваў на выбары тэлефоннымі смс-паведамленнямі, а на выбарчых участках былі арганізаваныя канцэрты і гандаль з 20% скідкамі на ўсю прадукцыю. Як адзначылі ў Цэнтрвыбаркаме, выбары прайшлі спакойна і без сур'ёзных парушэнняў. За галасаваннем сачылі амаль 30 000 нацыянальных назіральнікаў. Таксама праз высокую цікавасць да выбараў былі акрэдытаваныя і замежныя дыпламаты. Хоць на мясцовыя выбарчыя кампаніі міжнародных назіральнікаў звычайна не запрашаюць.
Нагадаем, на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў былі зарэгістраваныя больш за 22 000 чалавек. Самаму маладому - 18 гадоў, самаму сталаму - 70. Таксама вельмі вырасла палітычная актыўнасць прыгожага полу: амаль палова з кандыдатаў былі жанчыны.
Якім будзе новы склад дэпутацкага корпусу, яго гендарны складальнік, колькасць палітычных партый, Цэнтрвыбаркам будзе ведаць да 26 сакавіка. І ўжо ў гэтую пятніцу, згодна з законам павінна прайсці не больш як 5 дзён пасля выбараў, выбарчыя камісіі перададуць звесткі пра вынікі выбараў у сродкі масавай інфармацыі.