У Беларусі абсталююць участкі для галасавання

23 сентября 2015

Інфармацыйныя стэнды, празрыстыя ўрны і дабразычлівая атмасфера. У Беларусі абсталююць участкі для галасавання, а выбаршчыкаў асабіста запрашаюць на выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За падрыхтоўкай да найважнейшай палітычнай падзеі ў паўночным рэгіёне сочыць Вольга Маслоўская.

У Беларусі паўсюдна ідзе падрыхтоўка ўчасткаў для галасавання па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яны абсталююцца закрытымі кабінкамі, урнамі, на стэндах размяшчаюцца інфармацыйныя матэрыялы аб кандыдатах у Прэзідэнты. Удакладняюцца спісы выбаршчыкаў. Многія ўжо атрымалі запрашэнні на выбары з указаннем адрасу свайго ўчастку для галасавання. Вольга Маслоўская - аб падрыхтоўцы да важнай палітычнай падзеі ў паўночным рэгіёне.

На ўчастку па выбарах Прэзідэнта №3 у Полацку свае метады працы з выбаршчыкамі. Запрашэнні прагаласаваць камісія адпраўляе не поштай, а ўручае асабіста. Гэта магчымасць не толькі яшчэ раз нагадаць аб важнасці палітычнай падзеі. Тым самым звяраюцца спісы выбаршчыкаў.

Полацкі раён - самы вялікі ў краіне. Тут сфарміравана 57 участкаў для галасавання, большасць знаходзяцца ў самім Полацку.

У горадзе ўчасткі для галасавання - у крокавай даступнасці. А вось жыхарам сельскай мясцовасці ў дзень выбараў па іх просьбе бюлетэні і ўрну прывязуць дахаты.

Капіталіна Фахрутдынава гаворыць, што ў гэты дзень дома не застанецца. Галасаваць пойдзе на выбарчы ўчастак. І з новым пашпартам. Напярэдадні выбараў разам з сям'ёй адзначыць векавы юбілей.

У паўночным рэгіёне практычна ўсе ўчасткі гатовыя сустрэць выбаршчыкаў. На стэндах - уся інфармацыя: межы ўчасткаў, вытрымкі з заканадаўчых актаў і біяграфіі кандыдатаў у Прэзідэнты. Плакаты з фатаграфіямі і агульнай інфармацыяй аб кожным з'явяцца на ўсіх участках краіны ўжо да суботы.

За падрыхтоўкай да выбараў толькі ў Віцебскай вобласці сочаць больш як 4 700 нацыянальных назіральнікаў. Абсалютная большасць - гэта прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый.

Марына Пашкевіч, назіральнік ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:

"Роля назіральніка - сачыць за выканананнем выбарчага заканадаўства. Прафсаюзы актыўна ўдзельнічаюць у перадвыбарнай кампаніі. Вялікая армія назіральнікаў, бо ФПБ - гэта самая масавая грамадская арганізацыя ў краіне. Нам важная наша будучыня, будучыня нашых дзяцей".

Сваё меркаванне аб прэзідэнцкай кампаніі складаюць і міжнародныя эксперты. З арганізацыяй перадвыбарнага працэсу знаёмяцца назіральнікі ад місіі краін СНД.

Як адзначаюць міжнародныя назіральнікі, тэрытарыяльныя камісіі падрыхтаваныя да выбараў, а сама прэзідэнцкая кампанія праходзіць у адпаведнасці з законам.