Сёння ў Беларусі пачаўся чарговы этап выбарчай кампаніі

26 августа 2016

За 15 дзён да выбараў у Палату прадстаўнікоў на ўчастках пачнуць дзяжурыць члены выбарчых камісій, якія дапамогуць азнаёміцца са спісамі выбаршчыкаў і пры неабходнасці дадуць кансультацыю. Усе, хто пажадае, змогуць прыйсці на ўчастак для галасавання і праверыць праўдзівасць унесеных звестак. Асабістая прысутнасць для гэтага неабходна. Інфармацыя не будзе даступная ў адкрытым рэжыме, бо ў спісы ўключаны асабістыя звесткі. Напярэдадні члены выбарчых камісій прайшлі спецпадрыхтоўку.

Мікалай Стош, старшыня Гомельскай абласной выбарчай камісіі: "Трэнінгі ўяўляюць сабою як веданне выбарчага заканадаўства, так і непасрэдна мадэляванне той сітуацыі ў дзень выбараў, на датэрміновым галасаванні, якая можа ўзнікнуць пры зносінах з выбаршчыкамі, пры зносінах з міжнароднымі назіральнікамі, СМІ".

У Гомельскай вобласці ўдзел у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу змогуць узяць крыху больш за мільён 100 тысяч чалавек. Зараз барацьбу за дэпутацкія мандаты ў рэгіёне працягваюць 67 кандыдатаў. Усяго па рэспубліцы на 110 месцаў у парламенце прэтэндуюць больш за 500 чалавек.