У Беларусі пачалося вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу

21 июля 2016

У Беларусі сёння пачалося вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Па 19 жніўня ў працэсе будуць удзельнічаць прэзідыумы мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і адпаведныя выканкамы, а ў Мінску прэзідыум Мінгарсавета і Мінгарвыканкама. Кандыдаты рэгіструюцца ў ЦВК з 20 па 24 жніўня. А самі выбары сенатараў пройдуць з 25 жніўня па 13 верасня.

Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Гэта орган, які зацвярджае законы, прынятыя Палатай прадстаўнікоў, і вельмі пажадана, каб там былі людзі, якія ведаюць, што такое законатворчы працэс, якія ведаюць, што такое эканоміка, што такое сацыяльная сфера. Таму, пэўна, і ўзроставы цэнз тут крыху большы, чым для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, і, пажадана, каб быў вопыт практычнай работы ў працоўным калектыве, на нейкім прадпрыемстве, палітпартыі і г.д.".

Членам Савета Рэспублікі можа стаць грамадзянін Беларусі, які дасягнуў 30-ці гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці альбо Мінска не менш за 5 гадоў. У складзе верхняй палаты беларускага парламента - 64 сенатары. 56 чалавек выбіраюцца, яшчэ 8 прызначае Прэзідэнт Беларусі.