У Беларусі рыхтуюць указ аб спрашчэнні візавага рэжыму

2 июня 2016

Пра гэта сёння журналістам паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.

Зараз вядзецца ўзгадненне пераліку краін, на грамадзян якіх будзе распаўсюджвацца новы льготны рэжым, а таксама вызначаюцца ўмовы спрошчаных паездак. Асаблівая ўвага пры распрацоўцы дакумента надаецца бяспецы. Лібералізацыя візавага рэжыму не павінна пацягнуць за сабою міграцыйныя рызыкі і перспектывы фінансавых выдаткаў, звязаных з дэпартацыяй нелегалаў.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Мы хочам палегчыць візавы рэжым для тых, хто жадае прыехаць у Беларусь. МЗС сумесна з іншымі органамі дзяржаўнага кіравання ўзгадняе тэкст адпаведнага ўказу Кіраўніка дзяржавы. Зараз адпрацоўваецца тая частка, якая не дазволіць скарыстацца новымі льготамі нелегальным мігрантам".

Асноўная мэта ўказу - прадэманстраваць адкрытасць Беларусі, умацаванне дзелавых кантактаў, а таксама рост турызму і прыбыткаў ад яго.