У Беларусі для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах зарэгістраваны 521 кандыдат

12 августа 2016

Сёння кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына агучыла вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты беларускага парламента. Пасведчанні атрымае 521 чалавек.

Адмоўлена 15 % кандыдатаў. Гэта на 10 % менш, чым падчас папярэдняй кампаніі. І амаль два дзясяткі чалавек самі адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў выбарах. Кожны чацвёрты зарэгістраваны кандыдат - жанчына. Амаль 10 % прэтэндэнтаў - маладыя людзі. Крыху менш за 8 % - грамадзяне пенсіённага ўзросту. Як адзначыла кіраўнік ЦВК, у сацыяльным разрэзе кандыдатаў нечаканасцяў таксама не назіраецца.

Лідзія Ярмошына, Старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў:

"Як звычайна, самая значная - гэта сацыяльная сфера. Гэта адукацыя, культура, навука, ахова здароўя. 95 чалавек або 18,2 %. Дзяржорганы - гэта 51 чалавек або 9,8 %. Даволі шмат у нас работнікаў прамысловасці. Гэта 90 чалавек або 17,3 %. І хацела б адзначыць, што ў нас ёсць і прадпрымальнікі. Прадпрымальнікаў 35 чалавек або 6,7 %".

Сёння ў Беларусі стартуе чарговы этап выбарчай кампаніі - агітацыя: час пікетаў і сустрэч з выбаршчыкамі. Выступаць кандыдаты ў дэпутаты будуць у радыё- і тэлеэфіры, таксама пройдуць тэледэбаты. На каналах Белтэлерадыёкампаніі трансляцыі пачнуцца ў панядзелак, 15 жніўня.